Памер шрыфта:

Беларусь і Расія

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй устаноўлены 25 чэрвеня 1992 г. 

Пасля ўвядзення ў Рэспубліцы Беларусь у 1994 годзе інстытута прэзідэнцтва Кіраўнік дзяржавы А.Р.Лукашэнка паслядоўна праводзіць курс на ўсебаковае развіццё адносін з братэрскай Расіяй. 

Стратэгічнае партнёрства, развіццё саюзніцкіх адносін з Расійскай Федэрацыяй абумоўлены геаграфічнай і культурна-гістарычнай блізкасцю дзвюх краін і народаў, узаемадапаўняльнасцю эканомік, цеснымі кааперацыйнымі сувязямі беларускіх і расійскіх кампаній. 

Прававой асновай беларуска-расійскай інтэграцыі з'яўляецца падпісаны 8 снежня 1999 г. кіраўнікамі Беларусі і Расіі Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Дагаворна-прававая база налічвае больш за 350 міжнародных дагавораў і іншых міжнародных дакументаў. Заключана 89 міжурадавых пагадненняў з 80 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі і каля 450 дагавораў паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Беларусі і Расіі.

Тэмп двухбаковым адносінам задае традыцыйна давяральны пастаянны дыялог на найвышэйшым узроўні. Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі выбудоўваецца на прынцыпах безумоўнага захавання дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, адказнага выканання бакамі сваіх міжнародных абавязацельстваў. 

У стадыі рэалізацыі знаходзяцца асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады. Плануюцца да зацвярджэння Асноўныя напрамкі на 2027–2029 гады.

Ключавыя эканамічныя пытанні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы – стварэнне роўных умоў для гаспадарчых суб'ектаў, ураўноўванне статусу прамысловай прадукцыі Беларусі і Расіі, доступ нацыянальных вытворцаў да дзяржпраграм. У выніку – забеспячэнне эканамічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Расія традыцыйна з'яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі і найбуйнейшым экспартным рынкам для беларускіх тавараў. За апошнія пяць гадоў (2021–2025 гг.) сумарны аб'ём тавараабароту паміж нашымі краінамі павялічыўся ў 1,4 раза, у тым ліку беларускі экспарт у Расію – у 1,7 раза. На долю Расіі прыпадае больш за палову аб'ёму знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь. 

У апошнія гады эканамічнае ўзаемадзеянне стала не толькі больш маштабным, але і больш змястоўным. Усё большую ролю адыгрываюць кааперацыя ў прамысловасці, энергетыцы, транспарце і навукова-тэхнічнай сферы, узаемныя пастаўкі тавараў АПК. Працягваецца рэалізацыя сумесных праектаў па выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі на базе флагманаў беларускай прамысловасці. 

З ліку беларуска-расійскіх сумесных інвестыцыйных праектаў найбуйнейшым з'яўляецца будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Узвядзенне БелАЭС пачалося ў 2013 годзе, а ўжо ў 2021 і 2023 гадах былі прыняты ў прамысловую эксплуатацыю першы і другі энергаблокі. Беларуская АЭС стала першай «ластаўкай» развіцця тэхналогій «Расатама» новага пакалення III+ за межамі Расіі. 

Сумесныя праграмы, якія ахопліваюць навуковую і навукова-тэхнічную сферы, прамысловасць, будаўніцтва, інавацыі і новыя тэхналогіі, космас, IT-тэхналогіі, працягваюць заставацца эфектыўным механізмам паглыблення інтэграцыі, стымулюючы пашырэнне кааперацыйных сувязей паміж беларускімі і расійскімі суб'ектамі гаспадарання. 

У студзені 2024 года прыняты Дэкрэт Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы (ВДС) аб рэалізацыі адзінай прамысловай палітыкі. Выпрацаваны падыходы і крытэрыі для надання прадукцыі беларускіх і расійскіх прамысловых прадпрыемстваў статусу «тавар Саюзнай дзяржавы». 

У снежні 2024 года падпісаны міждзяржаўны Дагавор аб фарміраванні аб'яднанага рынку электрычнай энергіі Саюзнай дзяржавы. 

Актыўна развіваецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Праводзяцца форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі. 

У студзені 2024 года ВДС адобрана стратэгія навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года. Асаблівае месца аддадзена праектам у галіне мікраэлектронікі, матэрыялазнаўства, сельскай гаспадаркі, ядзерных тэхналогій.

Транспартнае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Расіяй дэманструе апераджальныя тэмпы развіцця. Растуць аб'ёмы перавозак беларускіх экспартных грузаў праз расійскія парты: у 2025 годзе перавезена на 4 адсоткі грузаў больш, чым у 2024 годзе. Пасажырскія чыгуначныя перавозкі паміж нашымі краінамі дэманструюць ўстойлівы рост. Гэты трэнд абумоўлены высокім попытам, павелічэннем колькасці хуткасных цягнікоў «Ластаўка» і ўмацаваннем саюзных сувязей. Першыя трансгранічныя прыгарадныя пасажырскія цягнікі па маршрутах Смаленск – Орша і Смаленск – Віцебск пачалі курсіраваць 2 красавіка 2026 г., у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Досыць запатрабаваныя ў нашых грамадзян і авіяперавозкі. Прамыя авіямаршруты звязваюць Беларусь з 15 расійскімі гарадамі.

У 2025 годзе ўзаемны турпаток паміж Беларуссю і Расіяй прадэманстраваў рост амаль на 10 адсоткаў, пацвярджаючы ўстойлівую цікавасць да падарожжаў унутры Саюзнай дзяржавы. Беларусь застаецца адным з найбольш запатрабаваных напрамкаў для расійскіх турыстаў, высокі інтарэс захоўваюць экскурсійныя праграмы, санаторна-курортнае лячэнне, гісторыка-культурныя маршруты.

Створана Медыякампанія Саюзнай дзяржавы. 1 красавіка 2026 г. пачаў вяшчанне новы тэлеканал «Саюзны».

Дзейнічаюць Сумесная расійска-беларуская камісія па гісторыі (створана 25 студзеня 2024 г.) і Камісія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці (створана 16 чэрвеня 2024 г.). Праводзяцца штогадовыя міжнародныя форумы Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына – агульная будучыня», «Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс» і іншыя сумесныя гісторыка-культурныя мерапрыемствы. Рэалізуюцца саюзныя праекты па мемарыялізацыі ўвекавечання памяці пра Вялікую Айчынную вайну.

Пачата распрацоўка Стратэгіі маладзёжнай палітыкі Саюзнай дзяржавы.

Беларусь і Расія рэалізуюць праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў – удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, разлічаныя на трохгадовы перыяд. Выконваюцца мерапрыемствы праграмы на 2024–2026 гг. Бакі вызначаюць ключавыя напрамкі сінхранізацыі намаганняў Беларусі і Расіі на міжнароднай арэне. Дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці пра прасоўванне традыцыйных каштоўнасцей і зберажэнне гістарычнай памяці; узгоднены падыходы да ўзаемадзеяння з дружалюбнымі дзяржавамі і аб'яднаннямі; скаардынаваны пазіцыі ў дачыненні да недружалюбных краін і арганізацый, уключаючы процідзеянне іх санкцыйнай і юрыдычнай агрэсіі; абмяркоўваюцца пытанні ўзаемадзеяння ў сферы інфармацыйнага суправаджэння знешняй палітыкі. Вядзецца актыўная сумесная работа па распрацоўцы і прасоўванні Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі.

Падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў у галіне ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Створана і функцыянуе рэгіянальная групоўка войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, ажыццяўляецца ўзаемадзеянне паміж сістэмамі СПА дзвюх краін. 6 снежня 2024 г. падпісаны Канцэпцыя бяспекі Саюзнай дзяржавы і міждзяржаўны Дагавор аб гарантыях бяспекі. Праводзяцца сумесныя вучэнні. У верасні 2025 г. праведзена сумеснае стратэгічнае вучэнне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад – 2025». У снежні 2025 года ў Беларусі размешчаныя расійскія балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці «Арэшнік». У маі 2026 года ў Беларусі і Расіі адбылося першая сумесная трэніроўка воінскіх часцей баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння. Усё гэта не інструменты агрэсіі, а элементы стратэгічнага стрымлівання.

Удасканальваецца праваахоўная дзейнасць. У Беларусі і Расіі фарміруецца адзіная нарматыўная база ў галіне барацьбы са злачыннасцю. На тэрыторыях дзвюх дзяржаў праводзяцца ўзгодненыя мерапрыемствы па папярэджанні, выяўленні і спыненні супрацьпраўных дзеянняў з боку арганізаваных злачынных груповак, актаў тэрарызму, гандлю людзьмі. Сумеснымі намаганнямі на заходняй мяжы дзяржаў – удзельніц Саюзнай дзяржавы створаны надзейны бар'ер наркатрафіку і нелегальнай міграцыі. 

У шэрагу найбольш важных задач знаходзяцца пытанні забеспячэння роўных правоў грамадзян дзвюх краін, стварэння адзінай сістэмы сацыяльных гарантый, збліжэння і паступовай уніфікацыі ўнутранага заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сферы. Сёння грамадзяне Беларусі і Расіі маюць практычна аднолькавыя магчымасці для працаўладкавання, выбару месца жыхарства, атрымання адукацыі, медыцынскай дапамогі і сацыяльнага забеспячэння. Пры перасячэнні беларуска-расійскай мяжы беларусам і расіянам не патрабуецца праходжанне пагранічнага кантролю, мытнага надгляду, атрымання і запаўнення міграцыйнай карты. 11 студзеня 2025 г. набыло сілу Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаў – удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. 

Актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў галіне культуры. Адным з найбольш вядомых сумесных праектаў з'яўляецца штогадовы Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Рэгулярна на ўзаемнай аснове праводзяцца міжнародныя фестывалі мастацтваў, мастацкія выставы, кіна- і тэатральныя фестывалі. 

Саюзная дзяржава робіць унёсак у аднаўленне глабальнага даверу, закладвае прынцыпы шматпалярнасці, прапануе паспяховыя фарматы міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.


Падрабязней пра супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі тут. 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы