Памер шрыфта:

Знешняя палітыка Беларусі

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспубліка Беларусь выйшла на міжнародную арэну не толькі ў якасці новай суверэннай дзяржавы, якая ўзнікла ў выніку распада СССР, але і як еўрапейская краіна, якая мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці.

Узніклыя на тэрыторыі цяперашняй Беларусі Полацкае, Тураўcкае, Пінскае і іншыя княствы (IХ–ХIV стст.), Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (сярэдзіна ХIII–ХVIII стст.) былі актыўнымі ўдзельнікамі міжнародных адносін. Многія прадстаўнікі беларускіх зямель знаходзіліся на дыпламатычнай службе такіх дзяржаў, як Рэч Паспалітая і Расійская імперыя.

Важныя вехі ў гісторыі беларускай дыпламатыі адносяцца да эпохі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1919–1991 гг.), якая ўвайшла ў лік дзяржаў – заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Прыняцце Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, наданне ёй 25 жніўня 1991 г. статусу канстытуцыйнага закона азнаменавала пачатак якасна новага этапу ў развіцці краіны. Рэалізаваўшы сваё права на самавызначэнне, Рэспубліка Беларусь, якая атрымала гэтую афіцыйную назву ў адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага Савета БССР ад 19 верасня 1991 г., прыступіла да правядзення самастойнай знешняй палітыкі.

Фарміраваць свой міжнародны курс Беларусі давялося ў няпростых умовах кардынальных геапалітычных, эканамічных, грамадскіх і іншых трасфармацый у свеце, якія характарызаваліся высокай інтэнсіўнасцю і дынамічнасцю.

Нягледзячы на аб'ектыўныя цяжкасці, Рэспубліка Беларусь пасля атрымання незалежнасці здолела выбудаваць адносіны са знешнім светам, не адступіўшыся ад сваіх нацыянальных інтарэсаў. Гэта дазволіла нашай краіне ўпэўнена і эфектыўна прасоўваць і адстойваць свае знешнепалітычныя мэты і прыярытэты.

Сёння Беларусь – гэта суверэнная еўрапейская дзяржава, якая праводзіць самастойную, міралюбівую знешнюю палітыку, актыўна развівае супрацоўніцтва са стратэгічнымі саюзнікамі і замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, з'яўляецца адным з ініцыятараў і актыўным удзельнікам рэгіянальных інтэграцыйных структур і праектаў, робіць істотны ўнёсак ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі і стабільнасці.

Асноўныя прынцыпы, мэты і задачы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь заканадаўча замацаваны ў Законе «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь» ад 14 лістапада 2005 г. № 60-З. Больш падрабязна можна азнаёміцца тут.

На сучасным этапе Рэспубліка Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны са 183 краінамі свету. 

Зыходзячы з неабходнасці вырашэння канкрэтных задач на знешнепалітычным і знешнеэканамічным напрамках, сетка замежных устаноў увесь час мадэрнізуецца ў мэтах павышэння яе эфектыўнасці і на у цяперашні час налічвае 82 дыпмісіі: 59 пасольстваў, 2 пастаянныя прадстаўніцтвы, 20 генеральных консульстваў і 1 консульства. З улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве Беларусь прадстаўлена ў больш за 90 дзяржавах.

Прытрымліваючыся адзіных падыходаў да развіцця адносін з усімі замежнымі партнёрамі, Беларусь у той жа час, як і любая іншая дзяржава, канцэнтруе свае знешнепалітычныя намаганні на шэрагу найбольш важных і перспектыўных вектараў. Больш падрабязна з прыярытэтнымі напрамкамі знешняй палітыкі Беларусі можна азнаёміцца тут.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы