Памер шрыфта:

Інтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Уладзіміра Чушава Польскаму радыё (2 ліпеня 2020 г.)

У сувязі з уступленнем у сілу 1 ліпеня дагавора паміж Беларуссю і ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі і Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які афіцыйна адзначаецца 3 ліпеня, пра беларуска-польскае супрацоўніцтва ў эксклюзіўным інтэрв’ю беларускай службе Польскага радыё расказвае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Уладзімір Чушаў.

Паважаны спадар Пасол, Вы ўжо больш за год працуеце ў Польшчы. Раскажыце, калі ласка, як складваюцца адносіны з польскім бокам?

Уладзімір Чушаў: Я выконваю адказную мiсiю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча з 20 сакавiка 2019 года, калi ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Рэспублікі Польшча. Гэта кропка адлiку. Аднак меў гонар працаваць у гэтай цудоўнай краіне ў якасці саветніка-пасланніка Пасольства раней, з 2006 па 2009 год. Працы заўсёды шмат. Для мяне яна цiкавая i разнастайная. У Беларусі і Польшчы стабільныя, роўныя, нармальныя адносіны. Польшча з'яўляецца не толькі нашым геаграфічным суседам, важным членам Еўрапейскага cаюза, але і адным з найбуйнейшых гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў Беларусі. Апошнія некалькі гадоў выдаліся надзвычай плённымі з пункту гледжання актывізацыі беларуска-польскіх кантактаў практычна ва ўсіх сферах.

Пра міждзяржаўныя дагаворы

У сувязі з заключэннем дагавора паміж Беларуссю і ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, які ўступіў у сілу 1 ліпеня, як гэта ў практычнай плоскасці адаб’ецца на паездках грамадзян Польшчы ў Беларусь і беларусаў у Польшчу?

Уладзімір Чушаў: Улічваючы гандлёва-эканамічныя, культурныя, навуковыя, сямейныя сувязі паміж беларускім і польскім народамі, узаемныя паездкі нашых грамадзян заўсёды характарызаваліся інтэнсіўнасцю. Напрыклад, у 2019 годзе Беларусь наведала каля 500 тысяч грамадзян Польшчы, што склала 10% ад усіх іншаземцаў, якія ўехалі ў нашу краіну праз пункты пропуску на граніцы. Пры гэтым 70 тысяч палякаў былi гасцямi Беларусi па бязвізавым рэжыме праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск» альбо ў рамках рэгіянальнага бязвіза «Брэст — Гродна». Больш за тры мільёны грамадзян Беларусі наведвае ЕС праз Польшчу. Гэтыя лічбы пацвярджаюць, што ўзаемная цікавасць да паездак існавала і раней. Упэўнены, што яна не будзе слабець. Новае пагадненне стварае ільготны парадак атрымання віз, што, несумненна, знойдзе станоўчы водгук у беларускіх і польскіх грамадзян і будзе спрыяць развіццю кантактаў паміж людзьмі. Знiжаецца цана вiз з абодвух бакоў.

Дагавор паміж Беларуссю і ЕС дае магчымасць атрыманне віз нават на пяць гадоў. Хто зможа разлічваць на такую прэрагатыву?

Уладзімір Чушаў: Сёння беларускім заканадаўствам прадугледжана, што максімальны тэрмін, на які можа быць выдадзена віза, тры гады. Пагадненне дае магчымасць выдаваць візы на даўжэйшы тэрмін дзеяння. Нават да пяці гадоў. Такія візы выдаюцца наступным катэгорыям асоб:

членам нацыянальных і рэгіянальных урадаў і парламентаў, канстытуцыйных і вярхоўных судоў падчас выканання імі сваіх абавязкаў, калі яны не вызвалены ад неабходнасці атрымання віз гэтым пагадненнем;

пастаянным членам афіцыйных дэлегацый, якія ў адпаведнасці з афіцыйным запрашэннем, адрасаваным Беларусі, дзяржаве-члену ЕС ці ЕС, будуць рэгулярна прымаць удзел у сустрэчах, кансультацыях, перагаворах або праграмах абмену, а таксама ў мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі адной з дзяржаў-членаў ЕС або Беларусі міжурадавымі арганізацыямі;

мужу, жонцы, дзецям, якія не дасягнулі ўзросту 21 года або знаходзяцца на ўтрыманні, бацькам і асобам, якія выконваюць бацькоўскія абавязкі, дзядулям і бабулям, унукам і ўнучкам, якія наведваюць грамадзян Беларусі, якія легальна пражываюць на тэрыторыі дзяржаў-членаў ЕС, або грамадзян ЕС, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржаў-членаў ЕС, грамадзянамі якіх яны з’яўляюцца, а таксама грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, або грамадзян ЕС, якія легальна пражываюць на тэрыторыі Беларусі;

прадпрымальнікам і прадстаўнікам дзелавых арганізацый, якія рэгулярна падарожнічаюць у Беларусь ці ў дзяржавы-члены ЕС.

Але калі неабходнасць або намер часта ці рэгулярна ажыццяўляць паездкі відавочна абмяжоўваецца больш кароткім перыядам, тэрмін дзеяння шматразовай візы абмяжоўваецца гэтым перыядам. Яшчэ хацеў бы звярнуць увагу, что такія доўгатэрміновыя візы выдаюцца не адразу. Спачатку выдаецца кароткатэрміновая віза. Калі асоба выкарыстае яе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб уездзе і знаходжанні дзяржавы, якую яна наведвае, выдаецца шматразовая віза з тэрмінам дзеяння адзін год. Шматразовыя візы з тэрмінам дзеяння мінімум два гады і максімум пяць гадоў выдаюцца пры ўмове, што на працягу папярэдніх двух гадоў асоба атрымала шматразовыя візы тэрмінам дзеяння адзін год і выкарыстала іх у адпаведнасці з заканадаўствам.

У 2019 годзе быў падпісаны беларуска-польскі дагавор аб сацыяльным забеспячэнні. Калі ён уступіць у сілу і якія магчымасці адкрые для грамадзян абедзвюх дзяржаў?

Уладзімір Чушаў: Дагавор аб сацыяльным забеспячэнні быў падпісаны 13 лютага 2019 года ў Варшаве. Ён набывае сілу ў першы дзень трэцяга каляндарнага месяца пасля даты атрымання апошняга пiсьмовага паведамлення аб завяршэнні неабходных унутрыдзяржаўных працэдур. Беларускі бок выканаў працэдуры, якія неабходны для ўступлення дагавора ў сілу, пра што праінфармаваў польскі бок нотай ад 15 лістапада 2019 года. Чакаем адказу польскага боку.

Пра ўзаемадапамогу падчас пандэміі каранавіруса

МЗС Польшчы накіравала ў Беларусь груз гуманітарнай дапамогі ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. Давайце напомнім пра гэты праект, у якім прымала ўдзел і Пасольства Беларусi ў Польшчы, а таксама раскажыце, калі ласка, якую дапамогу аказвае Беларусь Польшчы?

Уладзімір Чушаў: У складаны для ўсіх час краіны працягнулі адна адной руку дапамогі.

У красавіку і чэрвені гэтага года польскі бок накіраваў у Беларусь два траншы гуманітарнай дапамогі, у якую ўвайшлі апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, лекі, сродкі індывідуальнай абароны, сродкі дэзінфекцыі. Польшча стала першай з еўрапейскiх краiн, якая аказала нам гуманітарную дапамогу. У такім беспрэцэдэнтным аб'ёме — другі транш быў дастаўлены 47 грузавікамі — упершыню за ўсю гісторыю гэтай краіны. Мы разглядаем гэту дапамогу як значны і важкі крок, нацэлены на ўмацаванне добрасуседскіх адносін.

У арганізацыі гуманітарнай дапамогі прымалі ўдзел Канцылярыя Прэм'ер-міністра, МЗС Польшчы, пажарная і пагранічная службы, паліцыя, кампаніі Pern, Lotos, Orlen, Фонд міжнароднай салідарнасці. Хацеў бы ў чарговы раз выказаць шчырыя словы ўдзячнасці нашым польскім партнёрам.

Наладжана ўзаемадзеянне міністэрстваў аховы здароўя дзвюх краін. 5 мая і 18 чэрвеня адбыліся відэаканферэнцыі беларускіх і польскіх урачоў для абмену вопытам у сферы барацьбы з каранавірусам.

Беларусь не абмяжоўвала перамяшчэнне праз сваю тэрыторыю асоб, якія апынуліся ва ўмовах пандэміі за мяжой і накіроўваліся да сябе на радзіму. Для тых іншаземцаў, хто прыбыў у Беларусь праз аэрапорт «Мінск» па бязвізавым рэжыме, мы дазволілі, у выпадку неабходнасці, выехаць у сваю краіну на аўтатранспарце (у звычайным парадку — толькі авіязносінамі). Як і Польшча, Беларусь аўтаматычна падоўжыла тэрмін дзеяння дазвольных дакументаў польскiх грамадзян для далейшага знаходжання на тэрыторыі нашай краіны. Дзякуючы дамоўленасці пагранслужб дзвюх краін, упершыню за апошнія як мінімум 10 гадоў грамадзяне Беларусі і Польшчы маглі вярнуцца да сябе на радзіму праз пункты пропуску «Тэрэспаль — Брэст» і «Кузніца — Брузгі» ў пешым парадку (у звычайных умовах — толькі на аўтатранспарце).

Як пісаў беларускі і польскі паэт Адам Міцкевіч, «праўдзівы сябар толькі ў бядзе пазнаецца».

Пра эканамічныя адносіны

Уладзімір Чушаў: Збалансаваны тавараабарот дзвюх краін сведчыць аб узаемавыгадным характары супрацоўніцтва. Польшча ўваходзіць у пяцёрку найважнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі (абарот тавараў і паслуг за 2019 год перасягнуў тры мільярды долараў ЗША). Польшча таксама займае чацвёртае месца сярод інвестараў беларускай эканомікі. У першыя чатыры месяцы 2020 года Польшча заняла нават трэцяе месца па экспарце, чацвёртае па тавараабароце і пятае па імпарце. Добрая тэндэнцыя. Беларусь актыўна працуе над дыверсіфікацыяй паставак нафты. Мы ўдзячны Польшчы за гатоўнасць садзейнічаць у гэтым пытанні. За апошнія гады бакам удалося істотна рушыць наперад у аднаўленні ўзаемнага даверу. Дасягнуты значны прагрэс па міжпарламенцкай лініі. Наладжана непасрэднае ўзаемадзеянне сакратарыятаў саветаў бяспекі, вядзецца актыўны дыялог абаронных, пагранічных і мытных ведамстваў. Умацоўваецца двухбаковая дагаворна-прававая база — толькі за апошні год падпісана пяць дагавораў. Актыўна пашыраецца непасрэднае супрацоўніцтва рэгіёнаў дзвюх краін. У 2019 годзе заключана восем пагадненняў аб партнёрстве, у выніку, іх сёння ўжо 91. У цэлым, у цяперашні час Беларусь і Польшча перажываюць важны момант пераходу ў новую фазу двухбаковых адносінаў, у якой вяртанне да канфрантацыі і недаверу ўжо немагчыма. Па-іншаму і быць не можа. Мы — суседзі.

Пра беларусаў у Польшчы

У Падляшскім ваяводстве, Варшаве і іншых мясцовасцях Польшчы пражываюць беларусы — як карэнныя жыхары, так і эмігранты. Як Пасольства спрыяе захаванню беларусамі ў Польшчы сваёй ідэнтычнасці?

Уладзімір Чушаў: Беларусы прадстаўляюць у Польшчы адну з самых шматлікіх груп нацыянальных меншасцей і пражываюць пераважна ў Падляшскім ваяводстве. Па афіцыйных даных агульнапольскага перапісу насельніцтва 2011 года, у Польшчы жыве каля 48 тысяч беларусаў, з якіх 38 тысяч — на Падляшшы.

У Польшчы актыўна дзейнічаюць грамадскія аб’яднанні беларускай нацыянальнай меншасці, распаўсюджваюцца беларускія навукова-публіцыстычныя выданні. На пастаяннай аснове дзейнічае звыш 80 аматарскіх мастацкіх калектываў беларускай нацменшасці, у якіх займаецца каля 800 удзельнікаў.

Пасольства i Культурны цэнтр Беларусі дапамагаюць беларусам Польшчы ў захаванні i развiццi беларускасцi, традыцый, культуры, мовы. Падтрымлiваем шмат мерапрыемстваў — агульнапольскі фестываль «Беларуская песня», Свята беларускай культуры ў Беластоку, «Купалле» ў Белавежы, фестывалі «Бандароўская гасцёўня», «Культура без межаў», «Сяброўская бяседа», «Гродна — Беласток», «Дажынкі». Дыпламаты, ды i я асабiста, выязджаюць на гэтыя традыцыйныя мерапрыемствы, забяспечваем удзел творчых калектываў з нашай краiны.

Беларускую мову як дадатковы прадмет вывучаюць у 32 установах пачатковай і сярэдняй адукацыі і трох дзіцячых садах Польшчы. У ВНУ Польшчы беларуская мова вывучаецца на кафедры беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Дарэчы, я ўжо двойчы быў госцем кафедры беларусicтыкi ў Варшаўскiм унiверсiтэце, восенню сустрэўся са студэнтамi i выкладчакамi ў iх будынку, а пару тыдняў таму — у рэжыме анлайн.

Культурны цэнтр Беларусі арганізуе бясплатныя курсы беларускай мовы. Ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам адукацыі Беларусі на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі арганізуюцца курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы з устаноў адукацыі Падляшскага ваяводства. Аказваецца падтрымка школам з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў рэгіёнах кампактнага пражывання беларусаў Польшчы (Бельск–Падляшскі, Гайнаўка і інш.) па ўсталяванні прамых сувязей са школамі і гімназіямі ў Беларусi. Арганізуюцца выезды школьнікаў з Падляшша ў нашу краіну, у тым ліку для ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове, азнаямлення з гісторыяй, культурай, традыцыямі беларускага народа. У Мiнску працуе Мiжнародная летняя школа беларусiстыкi, якая ў гэтым годзе пройдзе 17–28 жнiўня ў рэжыме анлайн у сувязi з пандэмiяй.

У склад Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі ўваходзіць Ян Сычэўскi, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства, найбольш уплывовай і масавай арганізацыі беларусаў у Польшчы, якая ўжо 63 гады актыўна працуе.

Ёсць тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас, што з’яўляецца, я б сказаў, нябачнай, але вельмі трывалай повяззю — гэта любоў да Беларусі, яе культуры, традыцый, духоўнай спадчыны.

Раскажыце, калі ласка, пра тое, як Пасольства Беларусі дбае пра магілы беларусаў, якія пахаваны на тэрыторыі Польшчы, якую дапамогу ў гэтай справе аказвае беларускаму боку Польшча?

Уладзімір Чушаў: Беларусь і Польшча супрацоўнічаюць ў ваенна-мемарыяльнай сферы. Кожны з бакоў даглядае пахаванні на сваёй тэрыторыі. Ёсць пытанні, па якіх мы пакуль не знаходзім поўнай аднагалоснасці. Так, у Беларусі і Польшчы істотна адрозніваюцца падыходы да савецкага перыяду гісторыі, Другой сусветнай вайны і ўкладу Чырвонай Арміі ў перамогу над фашызмам і вызваленне Еўропы. Безумоўна, для нас непрымальны здзек і вандалізм у адносінах да помнікаў савецкіх салдат. Само Пасольства ў рамках наяўных у нас магчымасцей стараецца захоўваць памяць аб загінуўшых у гады Другой сусветнай вайны. Мы заўсёды аддаём даніну памяці савецкім воінам у Дзень Перамогі 9 мая і ў Дзень незалежнасці Беларусі 3 ліпеня. У пачатку чэрвеня мне давялося наведаць і ўскласці вянок на Мемарыяле салдатам Савецкай Арміі ў Браневе — самым вялікім замежным пахаванні савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. Там пахавана 31 236 савецкіх салдат і афіцэраў шасці армій ІІ і ІІІ Беларускiх франтоў. Супрацоўнікі Пасольства прымаюць ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі каля помніка савецкім воінам, якія загінулі ў баях за вызваленне Варшавы, на могілках у сталічным раёне Брудне.

Пра супрацоўніцтва паміж музеямі

Раскажыце, калі ласка, пра перспектывы супрацоўніцтва паміж музеямі Беларусі і Польшчы.

Уладзімір Чушаў: Гуманітарна-культурнае супрацоўніцтва, у тым ліку паміж музейнымі ўстановамі, з'яўляецца неад'емнай часткай нашай працы. Пры Пасольстве дзейнічае Культурны цэнтр Беларусі, які праводзіць мноства  розных мерапрыемстваў, у тым ліку выстаўкі, як на пляцоўцы Пасольства, так і сумесна з нашымі шматлікімі партнёрамі ў Польшчы. У сувязі з 75-годдзем Вялікай Перамогі мы, вядома, надаём значную ўвагу захаванню памяці тых, хто загінуў у гады Другой сусветнай вайны у барацьбе з фашызмам. У якасці свежага прыкладу можна прывесці выстаўку «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміну даўнасці», якая 2 ліпеня адкрылася ў Музеі Незалежнасці ў Варшаве, напярэдадні нацыянальнага свята Беларусі — Дня незалежнасці. Наперадзе яшчэ шмат ідэй і ініцыятыў для ажыццяўлення. Напрыклад, пакуль з-за пандэміі каранавіруса не быў ажыццёўлены праект па супрацоўніцтве паміж беларускім мемарыяльным комплексам «Трасцянец» і польскім Дзяржаўным музеем «Аўшвіц – Біркенаў». У студзені гэтага года настаяцель мінскага храма-помніка Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны правёў перагаворы з адміністрацыяй музея ў Асвенцiме на гэту тэму, і мы вельмі аптымістычна глядзім на тое, каб працягнуць супрацоўніцтва ў другой палове бягучага года. Летась адзначалася 200-годдзе кампазiтара Станiслава Манюшкi. Шырока адзначалася, у тым лiку з вашым укладам i ўдзелам, спадар Вiктар, за што вам вялiкi дзякуй. Сёлета спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца. Будзем таксама планаваць сумесныя мерапрыемствы.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы