Памер шрыфта:

Iнтэрв'ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы Аляксандра Панамарова газеце «Звязда» (10 снежня 2014 г.)

Складаныя узоры дамаскай сталі

- Аляксандр Леанідавіч, да грамадзянскай вайны ў Сірыі супрацоўніцтва Беларусі з гэтай краінай было досыць актыўным і разнастайным. Якія дасягненні, на ваш погляд, былі самімі важнымі?

- Па першае, хацеў бы зрабіць невялікую карэктыву ў нашай размове – у Сірыі няма грамадзянскай вайны ў сэнсе ўзброенага супрацьстаяння адных сірыйцаў іншым. Тое, што мы зараз назіраем у гэтай краіне, з'яўляецца вайной з тэрарыстычнамі групіроўкамі, узнікненню якіх спрыялі знешнія сілы, зацікаўленыя ў перадзеле Блізкага Усходу і, у прыватнасці, у падпарадкаванні Сірыі.

Хацеў бы падкрэсліць, што больш чым за два дзесяцігоддзі двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Сірыяй усталяваўся высокі узровень палітычнага дыялога, таргова-эканамічнага супрацоўніцтва, міжчалавечых кантактаў. Стасункі паміж нашымі краінамі грунтуюцца на шчырых і сяброўскіх адносінах паміж нашымі народамі і ўзаемным даверы. Юрыдычна гэтыя стасункі аформлены ў больш чым за 25 двухбаковых дагаворах.

Найбольш знакавымі момантамі ў двухбаковым палітычным дыялогу былі, безумоўна, візіты кіраўнікоў дзвюх дзяржаў: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведываў Сірыю двойчы, у 1998 і 2003 гадах, Прэзідэнт Сірыі Башар Асад, у сваю чаргу, нанёс візіт у Беларусь у адказ у 2010 годзе. Большая частка  двухбаковых пагадненняў была падпісана менавіта падчас гэтых візітаў.

Паміж гэтымі галоўнымі падзеямі ў нашых двухбаковых адносінах было некалькі дзесяткаў візітаў міністэрскага ўзроўню, у тым ліку візіты кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў, шматлікія кантакты дзелавых колаў.

Дынамічным чынам развіваўся гандаль паміж нашымі краінамі: напрыканцы мінулага дзесяцігоддзя тавараабарот дасягнуў лічбы 88 мільёнаў долараў. Сірыя была другім найбуйнейшым пакупніком тэхнікі МАЗ. Былі падпісаны дамоўленасці аб адкрыцці ў краіне сумеснай зборачнай вытворчасці беларускай тэхнікі, якія ў сувязі з пачаткам ваенных дзеянняў у Сірыі не давялося раэлізаваць.

Ажыццяўляўся міжпарламентскі абмен, плённае супрацоўніцтва ў галіне культуры, навукі, адукацыі, спорта. Дарэчы, менавіта пад кіраўніцтвам зна ёмага ўсім беларускім заўзятарам трэнера Анатоля Байдачнага сірыйская футбольная сборная дамаглася ў 1994 годзе перамогі на моладзевым чэмпіянаце свету. Трэба таксама  ўзгадаць пяць аншлагавых балетных спектакляў падчас гастроляў Нацыянальнага тэатра оперы і балету Рэспублікі Беларусь у 2009 годзе ў Дамаску.

- Як ваенныя дзеянні адбіліся на беларуска-сірыйскіх кантактах?

- З пачатку ваенных дзеянняў у Сірыі ўзровень беларуска-сірыйскага супрацоўніцтва iстотна абмежаваўся. Была значна зніжана колькасць і узровень узаемных кантактаў, скасаваны ці адкладзены буйныя праекты вытворчай кааперацыі, у тым ліку ў галіне энергетыкі, машынабудавання. Узаемны гандаль паміж дзвюма краінамі быў літаральна спынены, не ў апошнюю чаргу з прычыны санкцый супраць фінансавай сістэмы Сірыі.

Вымушаны былі пакінуць Сірыю беларускія спецыялісты, якія працавалі па кантракту. Большасць беларускіх грамадзян (каля 250), якія жылі у краіне, былі эвакуіраваны на радзіму. Супрацоўнікі Пасольства на чале з маім папярэднікам Алегам Ермаловічам прымалі ў гэтым самую актыўную ролю. Дарэчы, і само Пасольства Беларусі ў Дамаску было на мяжы закрыцця – літаральна ў 200 метрах ад нашага будынка вяліся баі.

Нягледзячы на гэтыя цяжкасці сяброўскае стаўленне Беларусі да Сірыі   заставалася непахісным у самыя горшыя часы. Беларусь прынцыпова падтрымлівала Сірыю на міжнароднай арэне ў яе намаганнях па барацьбе з тэрарызмам.

- Якая абстаноўка для наладжвання стасункаў з Сірыйскай Арабскай Рэспублікай склалася ў апошні час? Якая абстаноўка ў краіне ўвогуле?

- Аб вайне ў Сірыі напамінаюць яшчэ зашмат рэчаў, нават у адносна бяспечных раёнах – і шматлікія блокпасты, і натоўпы ўцекачоў на граніцах, і вялізарная колькасць людзей са зброяй на вуліцах, і артылерыйскія стрэлы па пазіціях баевікоў ва ўсходніх прыгарадах Дамаску.

Трэба разумець, што абсалютнай беспекі ў гэтай краіне не будзе на працягу дзесяцігоддзяў. Але зараз, у адрозненні ад мінулага года, можна казаць пра зноў адкрытыя магчымасці для нашага супрацоўніцтва.  Прадстаўнікі ўлады і сілаў беспекі прымаюць усе неабходныя меры для забяспячэння бяспекі афіцыйных гасцей. У гэтым мы пераканаліся падчас візіту ў Дамаск у пачатку лістапада дэлегацыі на чале з намеснікам Міністра замежных спраў Валянцінам Рыбаковым. Трэба зазнчыць, што беларуская дэлегацыя атрымала самы ветлівы прыём у Сірыі. Сірыйскім бокам былі выказаны запэўніванні ў стварэнні для Беларусі максімальна спрыяльных умоў для ўваходжання беларускай прадукцыі на сірыйскі рынак. Мы атрымалі пэўныя гарантыі бяспекі ад нашых сірыйскіх партнёраў на конт будучых візітаў.

З пэўнай стабілізацыяй абстаноўкі ў Дамаску створаны спрыяльны палітычны фон для двухбаковых адносін, адчуваецца пазітыўнае стаўленне да Беларусі ў Сірыі. Гэта, безумоўна, спрыяе развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ў розных галінах. Прынамсі, у красавіку бягучага года быў створаны, а ў лістападзе пачаў актыўна працаваць адзін з шасці саветаў дзелавога супрацоўніцтва – сірыйска-беларускі дзелавы савет. Аб'ём беларускага экспарту ў Сірыю за 10 месяцаў 2014 года складае амаль 30 мільёнаў долараў, і, па нашых меркаваннях, не з'яўляецца мяжой магчымасцяў супрацоўніцтва. Нашымі намаганнямі рэанімавана работа двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёваму, эканамічнаму і тэхнічнаму супрацоўніцтву – пасля пяцігадовага перапынку з 20 па 22 студзеня 2015 года ў Мінску пройдзе яе пасяджэнне. Паралельна адбудзецца візіт прадстаўнікоў дзелавых колаў Сірыі.

Перекананы, што да намаганняў Пасольства па развіццю нашага двухбаковага таргова-эканамічнага супрацоўніцтва трэба далучацца і зацікаўленым дзяржорганам Беларусі, з якімі існуюць пагадненні ці праграмы супрацоўніцтва з сірыйскага боку, і прадпрыемствам, якія мелі трывалыя пазіцыі на сірыйскім рынку да крызісу, і прадпрымальнікам, якіх тут сапраўды чакаюць. Адной з магчымасцяў па далучэнню да гатэй дзейнасці будуць менавіта студзеньскія мерапрыемствы ў Мінску.

- Раскажыце пра вашы нядаўнія  сустрэчы з кіраўніцтвам Сірыйскай арабскай рэспублікі.

- Згадаю, перш, пра сустрэчу з Прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам, якая была не проста пратакольнай фармальнасцю, якая звычайна суправаджае цэрымонію ўручэння верыцельных грамат. Персанальная аўдыенцыя ў кіраўніка сірыйскай дзяржавы працягвалася больш за 15 хвілін. Характэрна, што спадар Асад не толькі перадаў падзяку беларускаму кіраўніцтву за прынцыповую пазіцыю па ваеннаму канфлікту ў Сірыі, але таксама падкрэсліў істотны ўнёсак нашай краіны ў пачатак працэсу мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Сірыйскі Прэзідэнт асабліва ўразіў сваёй надзвычайна моцнай пазітыўнай энергетыкай, цеплым стаўленнем да нашай краіны і асабістай прыхільнасцю да развіцця двухбаковых стасункаў.

З прэм'ер-міністрам Сірыі Ваілем аль-Халякі давялося сустрэцца двойчы, у тым ліку калі спадар аль-Халякі прымаў беларускую дэлегацыю на чале з намеснікам Міністра Валянцінам Рыбаковым. Падчас сустрэч з сірыйскім прэм'ерам былі падрабязна разгледжаны ўсе накірункі беларуска-сірыйскага супрацоўніцтва, асабліва ў гандлёва-эканамічнай галіне. Кіраўнік ураду ваказваў вельмі добрыя асабістыя пачуцці да нашай краіны, з цеплынёй узгадваў свой візіт у Беларусь у якасці міністра аховы здароў'я Сірыі. Трэба сказаць, што такая пільнасць да нашай краіны адчуваецца і на ўзроўні сірыйскіх міністраў, з якімі мне даводзіцца сустракацца па розных пытаннях па некалькі разоў на месяц. Цікавасць да Беларусі праяўляюць і прадстаўнікі буйнога сірыйскага бізнесу, якія дагэтуль не мелі дачынення да Беларуссі.

- Якія ўрокі можа вынесці свет з таго, што адбываецца ў Сірыі?

- Вайна ў Сірыі відавочна з'яўляецца адным з горшых і жорсткіх прыкладаў сутыкнення інтарэсаў дзяржаў, непамерных амбіцый па падзелу сфераў геапалітычнага ўплыву.

Сёння можна канстатаваць правал спробы хуткага звяржэння законнага ўрада Сірыі, які праводзiць незалежную ўнутраную і знешнюю палітыку. Краіны, зацікаўленыя ў змене рэжыму ў Сірыі, самі сутыкнуліся з пагрозай разрастання ачагоў тэрарызму і нестабільнасці, як у рэгіёне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, так і ў глабальным маштабе.

Міжнародная супольнасць робіць нейкія высновы, на жаль запозненыя. На працягу апошніх месяцаў былі прынятыя рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН 1770 і 1778. Тым не меньш, нягледзячы на палітычны сігнал, так званая антытэрарыстычная кааліцыя сфарміравана выбарча, не мае выразнай стратэгіі і аб'ектыўных крытэрыяў. Па-ранейшаму захоўваецца падзел на «дрэнных» і «добрых» тэрарыстаў.

Беларусь неаднаразова падкрэслівала недапушчальнысць выкарыстання лозунгу барацьбы з тэрарызмам для прыкрыцця рэалізацыі ўласных геапалітычных мэтаў, зневажання суверэнітэту дзяржаў, «перафарматавання» рэгіёнаў, стварэння супрацьпраўных прэцэдэнтаў у міжнародных адносінах. На жаль, некаторым сілам выгадна раздзіманне рэгіянальных канфліктаў з мэтай перадзелу раскладу сілаў у свеце, які склаўся пасля Другой сусветнай вайны, бесцырымоннае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, спробы распаліць у іх нацыянальную і рэлігійную варожасць, дэстабілізаваць абстаноўку.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы