Інтэрвью намесніка Міністра замежных спраў Беларусі І.Сякрэты нямецкай газеце Berliner Zeitung (15 мая 2026 г.)
У апошнія гады ваенная напружанасць у Еўропе значна ўзмацнілася. Вось ужо больш за чатыры гады ва Усходняй Еўропе ідзе поўнамаштабная вайна. Акрамя таго, цяпер многія краіны - асабліва ўздоўж усходняга флангу НАТА – вядуць масіўнае пераўзбраенне. У той час як Польшча і краіны Балтыі ўсё больш мілітарызуюцца, Беларусь бачыць сябе часткай спробы стварыць новы парадак у сферы бяспекі ў больш шырокім еўразійскім кантэксце.
Таму ў другой частцы інтэрв'ю з намеснікам Міністра замежных спраў Беларусі Ігарам Сякрэтай размова пойдзе аб актуальнай геапалітычнай сітуацыі, ролі ваеннага саюза з Расіяй і аб тым, ці можна яшчэ ў прынцыпе знайсці агульныя асновы для новай архітэктуры еўрапейскай бяспекі.
Ігар Віктаравіч, як можа выглядаць сістэма бяспекі, якая забяспечыць абарону Беларусі і адначасова развее апасенні Польшчы і краін Балтыі? Нашы суседзі адчуваюць пагрозу і апраўдваюць масавае пераўзбраенне менавіта неабходнасцю абароны ўсходняга флангу НАТА.
Калі коратка, Рэспубліку Беларусь задаволіць любая архітэктура бяспекі, якая будзе заснавана на прынцыпах непадзельнасці бяспекі і неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, а таксама на ўзаемным уліку інтарэсаў і занепакоенасцей усіх удзельнікаў.
У пошуках адказу на гэтае пытанне Беларусь ініцыявала працэс распрацоўкі Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. У яго ўключаецца ўсё больш дзяржаў нашага кантынента. У Мінску з 2023 года штогод праводзіцца міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы. На жаль, афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы і краін Балтыі пакуль не выказалі жадання ўдзельнічаць у гэтым важным мерапрыемстве.
У той жа час Беларусь паралельна ўмацоўвае свой ваенны саюз з Расіяй. Хіба не ў гэтым і палягае прычына недаверу з боку Захаду?
Як Спецыяльны прадстаўнік я займаюся пытаннямі рэалізацыі Дагавора паміж Беларуссю і Расіяй аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Падпісанне гэтага дакумента ў снежні 2024 г. было абумоўлена складанай ваенна-палітычнай абстаноўкай. Краіны – члены НАТА і ЕС маштабна мілітарызуюцца і нарошчваюць свой ваенны патэнцыял ля нашых заходніх межаў. Дагавор стаў прамым адказам на гэтыя пагрозы. Ідзе выпрацоўка сумесных мер па забеспячэнні стабільнасці Саюзнай дзяржавы і эфектыўнай абароне яе знешніх рубяжоў.
Менавіта ў гэтым і заключаецца прычына: крызіс еўрапейскай сістэмы бяспекі пачаўся з таго, што быў парушаны прынцып непадзельнасці бяспекі. Прыгадаем бамбардзіроўкі Югаславіі ў 1999 годзе, некалькі хваляў пашырэння НАТА на Усход.
Вы гаворыце пра ваенныя магчымасці НАТА, але пры гэтым вельмі канкрэтна крытыкуеце нямецкую прысутнасць у рэгіёне. Чаму менавіта цяпер?
Ёсць рэчы, якія раняць нават не столькі шматмільярднымі бюджэтамі, колькі сваёй жахлівай сімвалічнай глухатой. У Літве сёння раскватаравана нямецкая 45-я танкавая брыгада. Нумар гэтага злучэння – не проста лічбы ў штабных дакументах. Сімвалічна, што 45-я пяхотная дывізія Вермахта ў складзе групы войскаў «Цэнтр» досвіткам 22 чэрвеня 1941 года першай уварвалася на тэрыторыю Беларусі, штурмавала Брэсцкую крэпасць і паліла нашы гарады і сёлы. Яна панесла вялікія страты ў баях пад Масквой і на Курскай дузе і практычна поўнасцю была разгромлена ў 1944 годзе ў Беларусі, а яе камандзір быў узяты ў палон.
І цяпер, праз 81 год, воінскае фарміраванне з тым жа гістарычным нумарам зноў стаіць ля нашых заходніх межаў - на гэты раз пад выглядам «абароны ўсходняга флангу НАТА». Як нам у Мінску – ды і простым беларусам, якія памятаюць гісторыю, – рэагаваць на гэты сімвалізм? Нямецкія танкі з нумарам «45» на брані зноў нацэлены на ўсход. Дзе тут логіка прымірэння, пра якую так любяць паразважаць у Берліне, і чаму маўчыць германская культура памяці, калі гаворка заходзіць аб ваенным планаванні? Гэта больш чым невуцтва і ўжо сапраўды не «абарона ад пагрозы» – гэта бяздумнае, абразлівае бразгатанне зброяй з выкарыстаннем сімвалаў, асуджаных самой гісторыяй. Асуджаных нямецкім народам, які таксама пацярпеў ад нацызму.
Аднак Берлін сцвярджае, што гэтая прысутнасць з'яўляецца выключна абарончай рэакцыяй на непакой вашых суседзяў. На Ваш погляд, гэтая заклапочанасць зусім неабгрунтаваная?
Што да асцярог Польшчы і краін Балтыі – сама пастаноўка пытання выглядае дзіўна. Беларусь не нарошчвае свае ваенныя арсеналы – гэта робіць Польшча. Беларусь не павялічвае кратна свой абаронны бюджэт – гэта робяць Польшча, Літва і Латвія. У 2025 годзе сукупныя ваенныя выдаткі гэтых трох дзяржаў перавысілі 52 млрд еўра. Гэта ў 25 разоў (!) больш, чым аб'ём сродкаў, якія выдзяляе на мэты абароны Беларусь. Ужо сёлета нашы суседзі маюць намер узяць новую планку ваенных расходаў – 5 працэнтаў ад ВУП.
Няўжо краіны, у якіх ёсць заклапочанасці, адмаўляюцца ад кантактаў і дыялогу? Нашы заходнія суседзі праігнаравалі запрашэнне Мінска ўзяць удзел у назіранні за сумесным ваенным вучэннем "Захад-2025". Заходнія краіны вось ужо некалькі гадоў поўнасцю ігнаруюць існуючыя ваенна-палітычныя інструменты, якія дазволілі б зняць гэтыя заклапочанасці: Венскі дакумент 2011 года аб мерах умацавання даверу і бяспекі, двухбаковыя дамоўленасці ў гэтай сферы.
Рэспубліка Беларусь настойліва заклікае ўсе еўрапейскія краіны, у тым ліку Германію, да аднаўлення прафесійнага і дэпалітызаванага дыялогу па пытаннях бяспекі. Можа, варта нарэшце прыслухацца да голасу розуму?
Крытыкі ў Заходняй Еўропе часта разглядаюць Беларусь толькі як стратэгічны плацдарм Масквы без свайго ўласнага парадку дня. Дзе Вы праводзіце мяжу паміж неабходнай інтэграцыяй у Саюзную дзяржаву і нацыянальным суверэнітэтам Мінска? Ці ёсць прыклады самастойна выпрацаванай беларускай стратэгіі?
Узаемазалежнасць паміж Беларуссю і Расіяй, безумоўна, ёсць. І гэта натуральна - мы найбліжэйшыя партнёры і саюзнікі. Але сітуацыі падпарадкавання няма. Мінск захоўвае поўны суверэнітэт у прыняцці ўнутры- і знешнепалітычных рашэнняў і кіруецца выключна нацыянальнымі інтарэсамі.
Разам з тым трэба разумець, што нацыянальныя інтарэсы Беларусі ўключаюць і паступальнае паглыбленне інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй – у рамках Саюзнай дзяржавы і ў іншых фарматах. Гэта заканамерны і ўзаемавыгадны працэс. Нашы краіны цесна звязаны шматвяковымі традыцыямі добрасуседства, узаемнай падтрымкі, агульнымі культурнымі і духоўна-маральнымі каштоўнасцямі.
На гэтым этапе збліжэнню дадаткова садзейнічаюць і ваенная гістэрыя ля нашых заходніх межаў, і беспрэцэдэнтны санкцыйны націск на Беларусь і Расію. Наш адказ ляжыць найперш у эканамічнай плоскасці: за апошнія 5 гадоў тавараабарот паміж дзвюма краінамі вырас у 1,4 раза; экспарт Рэспублікі Беларусь на расійскі рынак – нават у 1,7 раза. Беларусь уваходзіць у пяцёрку ключавых гандлёвых партнёраў Расіі. Як вынік, ВУП Беларусі з 1995 года вырас больш як у 5 разоў і дасягнуў у 2025 годзе рэкордных за ўсю гісторыю значэнняў.
Мінск не адмаўляецца ад шматвектарнасці. Мы адкрытыя для раўнапраўнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі краінамі. Пры гэтым цалкам відавочна: Расея была, ёсць і будзе нашым стратэгічным партнёрам. З Расіяй мы будзем пільна рэагаваць на любыя выклікі, забяспечваць абараназдольнасць і ўмацоўваць тэхналагічны суверэнітэт Саюзнай дзяржавы, павышаць дабрабыт нашых грамадзян.
У жыхароў усходнегерманскіх земляў часта захоўваецца больш дыферэнцыраваны погляд на Беларусь, чым у Бруселі ці ў міністэрствах у Берліне. Ці можа гэты адмысловы ўсходнегерманскі досвед стаць ключом да пераадолення «дыпламатычнага ледніковага перыяду» і прыняцця новых пасрэдніцкіх функцый?
Вынікі зямельных выбараў у Германіі і новыя апытанні сапраўды сведчаць аб пэўнай неаднароднасці палітычных поглядаў у той ці іншай частцы краіны. У гэтым няма нічога незвычайнага, асабліва з улікам гістарычнага досведу фармавання германскай дзяржавы ў яе цяперашнім выглядзе.
Сапраўды, жыхары ўсходніх земляў ФРГ, асабліва тыя, хто заспеў часы ГДР, часта маюць больш рэалістычнае ўяўленне пра Беларусь. Разам з тым і на захадзе Германіі ёсць нямала тых, хто праяўляе цікавасць да нашай краіны і крытычна ўспрымае паток негатыўнай інфармацыі аб ёй у СМІ.
Не маглі б Вы гэта патлумачыць?
Беларусы і немцы маюць унікальны вопыт паспяховага пераадолення ўзаемнага адчужэння пасля трагічных падзей Другой сусветнай вайны. Гэты досвед лёг у аснову актыўнага супрацоўніцтва ў самых розных галінах.
Нагадаю, што шмат гадоў ФРГ была адным з вядучых эканамічных партнёраў Беларусі. Нас звязвалі цесныя кантакты ў гуманітарнай, культурнай, навуковай і адукацыйнай сферы. Гэта паспяховае мінулае ў Беларусі і Германіі не забытае. Яно можа і павінна стаць падмуркам для аднаўлення паўнавартаснага раўнапраўнага ўзаемадзеяння ў інтарэсах нашых народаў.
Давайце пачнем ізноў выбудоўваць гэтыя адносіны, адкрываючы тым самым магчымасці для іх нармалізацыі паміж Рэспублікай Беларусь, Германіяй і ўсім Еўрапейскім саюзам.
Ева Пелі
Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
www.president.gov.byСавет Міністраў Рэспублікі Беларусь
www.government.gov.byСавет Рэспублікі
www.sovrep.gov.byПалата Прадстаўнікоў
www.house.gov.byМіжнародны ІКТ-Форум ТІБО
www.tibo.byПрававы форум Беларусі
www.forumpravo.byТэлеканал «Беларусь 24»
www.belarus24.byРадыёстанцыя «Беларусь»
www.radiobelarus.byБеларуская універсальная таварная біржа
www.butb.byНацыянальнае агенцтва па турызму
www.belarustourism.byНацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі
www.investinbelarus.byНацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі
www.center.gov.byАфіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
www.belarus.by