Логотип
Министерство иностранных дел Республики Беларусь
Сайт: http://www.mfa.gov.by/press/news_mfa/a1d4e36d038d55c5.html

Аб афіцыйным візіце Міністра замежных спраў Беларусі С.Мартынава ў Венгрыю

03 марта 2010

1–2 сакавіка 2010 года ў Будапешце з афіцыйным візітам знаходзіўся Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Мартынаў.

На перамовах з Міністрам замежных спраў Венгрыі Петерам Балажам бакі падрабязна абмеркавалі пытанні далейшага ўмацавання беларуска-венгерскага супрацоўніцтва ва ўсіх галінах, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс. Дасягнута дамоўленасць аб пашырэнні рэгулярных кантактаў паміж міністэрствамі замежных спраў і галіновымі міністэрствамі. Былі абмеркаваны шляхі развіцця гандлёва-эканамічных дачыненняў, у тым ліку з выкарыстаннем створанага летась новага механізму двухбаковых адносін – Міжурадавай камісіі па эканамічнаму супрацоўніцтву. Суразмоўцы выказаліся за хутчэйшае заканчэнне працы над пагадненнем аб абароне інвестыцый. Адбыўся абмен дыпламатычнымі нотамі, па выніках якога з 1 сакавіка бягучага года ўступіла ў сілу міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, навукі і культуры, падпісанае ў маі 2009 г.

Значная ўвага была нададзена тэматыцы развіцця дыялогу Беларусь – ЕС і ўмацавання праграмы Еўрасаюзу «Усходняе партнёрства». Былі абмеркаваны рэгіянальныя падыходы і праекты ў рамках партнёрства, якія б маглі прынесці канкрэтную аддачу для краін-удзельніц, магчымасць прыцягнення для іх рэалізацыі сродкаў еўрапейскіх фінансавых інстытутаў. Бакі пагадзіліся ў неабходнасці працягваць сумесныя намаганні, скіраваныя на аблягчэнне паездак грамадзян Беларусі у краіны ЕС.

Адбыліся таксама змястоўныя перамовы беларускай дэлегацыі ва Ўрадзе і ў Дзяржаўным сходзе Венгерскай Рэспублікі.

Міністр С.Мартынаў узяў удзел у сумеснай міністэрскай сустрэчы ў фармаце «Вышаградская група» + «Усходняе партнёрства» + краіны Балтыі + «тройка» старшынь Еўрасаюза, якая была арганізавана па ініцыятыве Венгрыі як дзеючага старшыні Вышаградскай чацвёркі.

Падчас сустрэчы адбылася зацікаўленая размова па пытаннях рэалізацыі ініцыятывы Еўрасаюзу «Усходняе партнёрства». Краіны-партнёры выказалі зацікаўленасць у хутчэйшым яе напаўненні канкрэтным зместам і пачатку сумеснай праектнай дзейнасці. Была асабліва адзначана неабходнасць прыцягнення сродкаў еўрапейскіх фінансавых інстытутаў для рэалізацыі праектаў «Усходняга партнёрства». Важнае месца было адведзена абмеркаванню шляхоў і механізмаў спрашчэння візавага рэжыму паміж ЕС і краінамі-партнёрамі. У мэтах прыцягнення да супрацоўніцтва і рэалізацыі будучых рэгіянальных праектаў трэціх краін была падтрымана агучаная раней ініцыятыва аб стварэнні «групы сяброў Усходняга партнёрства».

Кіраўнік беларускай дэлегацыі ў сваім выступленні падрабязна азнаёміў удзельнікаў сустрэчы з падыходамі нашай краіны да пытанняў развіцця супрацоўніцтва ў рамках партнёрства, уключаючы ажыццяўленне яго будучай праектнай дзейнасці і фарміравання парламенцкага вымярэння. С.Мартынаў выступіў з шэрагам ініцыятыў у мэтах надання «Усходняму партнёрству» дынамізму і практычнай накіраванасці. У прыватнасці, былі агучаны прапановы аб правядзенні ў еўрапейскіх сталіцах адмысловых кірмашоў праектаў у рамках «Усходняга партнёрства» дзеля прыцягнення буйных міжнародных донараў да іх рэалізацыі, а таксама аб стварэнні «Форуму ўсходняга развіцця», які б звязаў у адзіную сетку вытворцаў, камерсантаў, інвестараў, банкаўскія структуры, эканамічных суб’ектаў і даследчыкаў з краін-партнёраў і членаў ЕС.

У рамках сустрэчы Міністр замежных спраў Беларусі правёў шэраг двухбаковых сустрэч.

У той жа дзень С.Мартынаў выступіў з лекцыяй у Венгерскім інстытуце па пытаннях міжнароднай палітыкі.

Даведка:

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Венгрыяй былі ўсталяваны 12 лютага 1992 г. З 2000 года на рэгулярнай аснове праводзяцца кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін. У 2009–2010 гадах актывізаваны міжпарламенцкі дыялог: у нацыянальных парламентах створаны групы двухбаковага сяброўства, адбыўся абмен візітамі парламенцкіх дэлегацый.

У 2009 годзе аб'ём гандлю паміж Беларуссю і Венгрыяй склаў 206,5 млн. долараў ЗША і паменшыўся на 40,3 працэнты, беларускі экспарт склаў 76,2 млн. долараў і скараціўся на 55,7 працэнты, венгерскі імпарт склаў 116,9 млн. долараў і паменшыўся на 27,8 працэнты.