Логотип
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь
Сайт: http://www.mfa.gov.by/be/press/news_mfa/f003638f0dbaa5ab.html

Аб мерапрыемствах трэцяга дня рабочага візіту намесніка Міністра замежных спраў Беларусі І.Сякрэты ў г.Жэневу (Швейцарыя)

25 лютага 2026

 

25 лютага 2026 г. у г.Жэневе (Швейцарыя) намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Сякрэта сумесна з намеснікам Міністра замежных спраў Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Любінскім правёў брыфінг для еўразійскіх партнёраў па пытаннях распрацоўкі Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. 

Для даведкі: Еўразійская хартыя разнастайнасці і шматпалярнасці – міжнародны дакумент, з ініцыятывай распрацоўкі якога выступілі Беларусь і Расія. Хартыя прызначана садзейнічаць фарміраванню ўстойлівай архітэктуры бяспекі і супрацоўніцтва на еўразійскай прасторы на аснове прынцыпаў роўнасці і непадзельнасці бяспекі, а таксама самастойнага і салідарнага вырашэння рэгіянальных праблем дзяржавамі Еўразіі без дэструктыўнага знешняга ўмяшання.

Работа над Хартыяй носіць адкрыты і інклюзіўны характар і арыентавана на ўмацаванне ўзаемадзеяння па чатырох ключавых напрамках: бяспека, эканоміка, гуманітарны парадак дня і цывілізацыйны абмен. 

Адбылася грунтоўная дыскусія як па напаўненні зместу Хартыі, так і па працэдурных пытаннях узгаднення і прасоўвання дакумента.

Таго ж дня намеснік Міністра сустрэўся з дырэктарам Жэнеўскага цэнтра палітыкі бяспекі (GCSP) Томасам Грэмінгерам для абмену думкамі наконт найбольш вострых праблем еўрапейскай бяспекі. 

І.Сякрэта выказаў занепакоенасць адносна росту рызык мілітарызацыі рэгіёна, у прыватнасці нарошчваннем ваенных патэнцыялаў суседніх дзяржаў ЕС і іх выхадам з шэрагу асноватворных дагавораў па раззбраенні, уключаючы Атаўскую канвенцыю па супрацьпяхотных мінах. 

Суразмоўцы пагадзіліся з неабходнасцю аднаўлення дыялогу паміж Беларуссю і заходнімі дзяржавамі і абмеркавалі перспектывы аадбудоўвання супрацоўніцтва ў сферы бяспекі ў Еўропе. 

У пазітыўным кантэксце адзначаны сістэмны і канструктыўны ўдзел экспертаў Жэнеўскага цэнтра палітыкі бяспекі ў мінскіх канферэнцыях па еўразійскай бяспецы ў 2023–2025 гг.