1 чэрвеня 2026 г. Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь сумесна з Прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН і краінавай камандай ААН у Беларусі, Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы арганізавала дабрачынны паказ спектакля для дзяцей «Гісторыя шакаладнага дрэва».
Мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня абароны дзяцей, адбылося ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.
У якасці ганаровага госця ў мерапрыемстве ўзяла ўдзел жонка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Наталля Рыжанкова.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў з прывітальным словам, Наталля Рыжанкова адзначыла высокі ўзровень дзяржаўнай падтрымкі дзяцінства, а таксама забеспячэнне роўных магчымасцей для кожнага дзіцяці ў нашай краіне.
Н.Рыжанкова акцэнтавала ўвагу на тым, што ў сённяшнім неспакойным свеце Беларусь застаецца астраўком міру і стабільнасці. «Наша дзяржава і асабіста Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка робяць усё магчымае, каб юныя беларусы раслі ў бяспецы, мелі магчымасць свабодна атрымліваць веды і адукацыю, раскрываць свае таленты, ажыццяўляць мары і глядзець упэўнена ў заўтрашні дзень», – падкрэсліла яна.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі выхаванцы дзіцячых інтэрнатных устаноў Мінска, Маладзечна і Вілейкі, навучэнцы падшэфных МЗС Пярэжырскай сярэдняй школы імя А.Я.Гурыновіча і Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маскоўскага раёна г.Мінска, а таксама дзеці прадстаўнікоў замежнага дыпламатычнага корпуса і супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў.