Логотип
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь
Сайт: http://www.mfa.gov.by/be/press/news_mfa/e4533914ed2ef875.html

Выступ намесніка Міністра замежных спраў Беларусі І.Сякрэты на сегменце высокага ўзроўню 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (24 лютага 2026 г., г.Жэнева)

24 лютага 2026

 

Шаноўны спадар Старшыня, 
Шаноўныя калегі, 
Шаноўныя ўдзельнікі пасяджэння, 

Гэты год знамянальны для міжнароднай праваабарончай сістэмы. Сёлета споўніцца 60 гадоў двум Пактам [аб грамадзянскіх і палітычных, а таксама эканамічных, сацыяльных і культурных правах], якія складаюць аснову Міжнароднага біля аб правах чалавека.

Адначасова спаўняецца 20 гадоў Савету ААН па правах чалавека, які прыйшоў на змену Камісіі па правах чалавека. Беларусь была супраць такіх радыкальных пераўтварэнняў, прапаноўваючы «паправіць» Камісію. І мела рацыю. Але, як кажуць, руйнаваць заўжды лягчэй, чым будаваць...
 
Гэта добрыя нагоды, каб ацаніць прагрэс у галіне правоў чалавека. На жаль, пахваліцца асабліва няма чым. Парадокс палягае ў тым, што ўсе механізмы для працы ёсць, а выніку няма. Сённяшнія выступы даказваюць, што праца СПЧ усё больш і больш становіцца правальнай, ператвараючыся ў фарс. Большасць дзяржаў прад'яўляе да яго ўсё больш прэтэнзій. Задаволеныя ім толькі тыя, хто спрабуе навязаць праз яго свой рэцэпт «дэмакратыі», якая на справе для іншых суверэнных краін абарочваецца хаосам і антыканстытуцыйным бязладдзем. 

Рэзалюцыі, што прымаюцца ў гэтай зале, на жаль, зусім не пра правы чалавека. Яны служаць зусім іншым мэтам – апраўданню санкцый, знешняга ціску, лінчаванню «нязручных дзяржаў», падзелу свету на «дрэнных» і «добрых». Спецыяльныя дакладчыкі і так званыя «незалежныя эксперты» прысвоілі сабе ролю квазіследчых і квазісудовых органаў: наўпрост умешваюцца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. Пытанне: на якой падставе? 

Чамусьці адны краіны разглядаюцца пад лупай – іншыя ж апынаюцца ў «сляпой зоне» Савета. Але ж ідэальных краін няма, як паказваюць вынікі ўніверсальнага перыядычнага агляду. Усе павінны падпарадкоўвацца адным законам. 

Аднак міжнародныя механізмы да гэтага часу так і не абавязалі, да прыкладу, Латвію ліквідаваць інстытут безграмадзянства. Так і жывуць, па вызначэнні ўрада Латвіі, якая з'яўляецца адным з членаў ЕС, асобы без грамадзянства. Пры гэтым у Латвіі паўсюдна прыгнятаюцца нацыянальныя меншасці, пазбаўляюцца правоў на працу і годны ўзровень жыцця. Бесчалавечнае стаўленне Літвы і Польшчы да мігрантаў і ўцекачоў, якія імкнуцца ў Еўропу, на мяжы Беларусі і Еўрасаюза так і не сталі прадметам асуджэння з боку СПЧ. А што ж думае Савет наконт забароны ў гэтых краінах дзейнасці журналістаў і СМІ, якія выказваюць альтэрнатыўныя пункты гледжання? Гэта яскравыя прыклады той селектыўнасці, якая вызначае працу гэтага органа. Па такім жа сцэнары працуюць і дагаворныя органы па правах чалавека.

Ужыванне аднабаковых прымусовых мер у цывілізаваным свеце – яшчэ адзін прыклад. І гэта ўвогуле па-за ўсякай логікай з пункту гледжання правоў чалавека. АПМ уплываюць не толькі на грамадзян закранутых дзяржаў, але і, парадаксальна, на грамадзян краін – ініцыятараў такіх незаконных санкцый. Вельмі паказальны прыклад гэтага года. У той час як жыхары нібыта «сытай» Еўропы вымушаныя эканоміць на цяпле, але пры гэтым усё роўна аплачваць драконаўскія, вялізныя рахункі за электрычнасць з-за халоднай зімы, якая выдалася сёлета, Беларусь, нягледзячы на беспрэцэдэнтны незаконны санкцыйны ціск, зыходзячы з інтарэсаў сваіх грамадзян, адмаўляецца ад запланаванага павышэння тарыфаў у галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі на перыяд халадоў. Дзяржава свядома бярэ на сябе фінансавую нагрузку, каб абараніць сем'і, пенсіянераў, простых людзей, слабаабароненыя катэгорыі насельніцтва. 

Пакуль у Еўропе расплачваюцца за палітычныя пралікі ростам коштаў і падзеннем узроўня жыцця, у нас прыярытэт застаецца нязменным: стабільнасць, сацыяльная абарона і падтрымка грамадзян. І гэта наглядна паказвае розніцу ў падыходах і розніцу ў каштоўнасцях, пра якія так шмат гэтымі днямі гаворыцца ў гэтай зале. 

Ні для кога не сакрэт, што ААН сёння знаходзіцца не ў найлепшай форме. Супярэчлівы і раз'яднальны праваабарончы парадак дня стаў галоўнай прычынай такога стану нашай Арганізацыі. Зусім не скарачэнне фінансавання і не дзейнасць асобных дзяржаў, уключаючы Злучаныя Штаты, а менавіта раз'яднальны праваабарончы парадак дня. Таму што менавіта гэты кірунак, як ніякі іншы, мае ажно зашмат дарагіх і бескарысных мандатаў. Ва ўмовах глыбокага фінансавага крызісу ў Арганізацыі давайце шчыра прызнаем: далейшае выдаткоўванне бюджэту ААН на механізмы, якія не прыносяць практычных вынікаў, не можа быць апраўдана ні палітычна, ні фінансава, ні маральна.

Сёння дзяржавам зноў навязана глабальная рэформа, якая суправаджаецца скарачэннямі, аптымізацыяй, ліквідацыяй і г.д. у надзеі, што гэта дапаможа нам вярнуць эфектыўнасць, у тым ліку ў нашым органе, тут, у Савеце па правах чалавека. Але ж рэформа таксама каштуе грошай! І як правіла, у пагоні за аптымізацыяй пакутуюць найважнейшыя кірункі – пытанні развіцця, сацыяльныя праекты, падтрымка ўразлівых слаёў насельніцтва (дзеці, людзі сталага ўзросту, людзі з абмежаванымі магчымасцямі). 

Але праўда заключаецца таксама ў тым, што ніякія інстытуцыйныя пераўтварэнні, скарачэнні і аптымізацыі не дадуць вынікаў, калі не будзе вырашана галоўная, сістэмная праблема. І праблема гэта заключаецца не ў фармальным уладкаванні або статусе Савета, а ў тым, як, я падкрэсліваю, менавіта як дзяржавы выкарыстоўваюць гэты орган і які парадак дня яны туды нясуць. 

Пакуль краіны ўносяць свае двухбаковыя рознагалоссі і геапалітычныя спрэчкі ў міжнародны праваабарончы парадак дня, хутчэй прыкрываючыся гэтым праваабарончым парадкам, пакуль члены Савета самі ж падрываюць прынцыпы бесстароннасці і супрацоўніцтва, сутнасна нічога не зменіцца. 

Савет па правах чалавека мае патрэбу не ў касметычных зменах, а ў вяртанні ўсіх краін да базавых прынцыпаў. Нагадаю: гэта павага суверэннай роўнасці дзяржаў, адмова ад умяшання ва ўнутраныя справы і ад выкарыстання правоў чалавека як інструмента ціску. Толькі пры гэтай умове Савет зможа захаваць сваю легітымнасць у міжнароднай сістэме абароны і заахвочвання правоў чалавека.

Шаноўныя калегі, 

Сучасная Беларусь – гэта стабільная дзяржава, якая цвёрда крочыць па шляху ўстойлівага развіцця. Зыходзім з простага прынцыпу: правы чалавека пачынаюцца з права жыць годна, падкрэсліваю, годна – з права жыць пад мірным небам, атрымліваць якасную адукацыю, мець годную аплату працы, атрымліваць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу і сацыяльную падтрымку, самае галоўнае – быць упэўненым у заўтрашнім дні для сябе і сваіх дзяцей. Гэты год у Беларусі абвешчаны Годам жанчыны, што дасць магчымасць умацаваць жаночую ролю ва ўстойлівым развіцці грамадства. Гэта якраз тое, пра што казала спадарыня Бербак на адкрыцці нашага паседжання. Мы гэтым ужо займаемся. 

Вопыт беларусаў, якія сёння адзіныя як ніколі, паказвае, што ніякія санкцыі не змогуць спыніць краіну, якая ўпэўнена рухаецца да дасягнення сваіх мэт і выбудоўвае будучыню, арыентаваную на прагрэс, стабільнасць і дабрабыт сваіх грамадзян. 

Мы працягнем уносіць свой уклад у забеспячэнне бяспечнага і справядлівага свету. Заклікаем усіх не грэбаваць патэнцыялам дыялогу. Бо гэта так проста! 

Дзякую за ўвагу.