21 верасня 2021 г. у г.Доха прайшоў чарговы раўнд беларуска-катарскіх палітычных кансультацый з удзелам намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Мікалая Барысевіча і Генеральнага сакратара Міністэрства замежных спраў Дзяржавы Катар Ахмада Хасана аль-Хамадзі.
У ходзе кансультацый абмеркаваны шырокі спектр пытанняў беларуска-катарскіх адносін, у тым ліку супрацоўніцтва ў палітычнай, гуманітарнай, спартыўнай, авіяцыйнай сферах, а таксама ўдасканаленне дагаворна-прававой базы, узаемадзеянне па лініі парламентаў і ў рамках міжнародных арганізацый.
Асаблівы акцэнт быў зроблены на актывізацыі інвестыцыйных і гандлёва-эканамічных адносін як прыярытэтным напрамку супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Адбыўся абмен думкамі па рэгіянальнай праблематыцы.
20-21 верасня 2021 г. таксама адбыліся сустрэчы намесніка Міністра М.Барысевіча і Старшыні Праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь Аляксандра Ягорава з кіраўніцтвам Міністэрства гандлю і прамысловасці Катара, Катарскага інвестыцыйнага агенцтва і Катарскага банка развіцця.
У ходзе перагавораў абмеркаваны перспектыўныя напрамкі крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. У Міністэрстве гандлю і прамысловасці Катара дасягнута дамоўленасць аб тэрмінах правядзення ў г.Мінску чарговага пасяджэння міжурадавага Сумеснага камітэта, а таксама Беларуска-Катарскага Дзелавога савета.