Логотип
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь
Сайт: http://www.mfa.gov.by/be/press/news_mfa/c8ea0eea42f07219.html

Аб удзеле Міністра замежных спраў Беларусі М.Рыжанкова ў літаратурнай вечарыне, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы і Года беларускай жанчыны

19 лютага 2026

 

19 лютага 2026 г. у гісторыка-культурным комплексе «Лошыцкі» адбыўся літаратурны вечар, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы і абвешчанага ў нашай краіне Года беларускай жанчыны.

Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам замежных спраў сумесна з міжнародным спадарожнікавым тэлеканалам «Беларусь 24» Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

У святочнай вечарыне ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў нашай краіне, члены Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА. Усяго мерапрыемства аб'яднала больш за 100 гасцей з 30 дзяржаў.

З прывітальным словам выступіў Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў. Ён адзначыў, што Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны з ініцыятывы ЮНЕСКА, нагадвае пра каштоўнасць і ўнікальнасць кожнай мовы, яе ролю ў захаванні культурнай спадчыны і фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што беларуская мова адрозніваецца мяккасцю і меладычнасцю, у якіх заключаныя ўнутраная сіла і годнасць нацыі, і нагадаў запавет беларускага першадрукара Францыска Скарыны: «Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў».

Міністр адзначыў, што абвешчаны ў Беларусі Год беларускай жанчыны яшчэ раз падкрэслівае выключную ролю беларусак у жыцці грамадства і дзяржавы, іх унёсак у захаванне традыцый і выхаванне наступных пакаленняў.

У рамках літаратурнай праграмы кіраўнікі дыпламатычных місій з Індыі, Кітая, Кыргызстана, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Сербіі, Славакіі, Турцыі, Узбекістана, Вялікабрытаніі, Ізраіля і Сірыі, прадстаўнікі ААН і МАМ у Беларусі прадэкламавалі творы выдатных беларускіх аўтараў, прысвечаныя жанчыне, маці і Радзіме.

 
 

Госці вечарыны таксама змаглі пацешыцца з багацця беларускай культуры. Іх увазе былі прадстаўлены выступы заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», музычнага праекта «Малінаўка by Спамаш», новыя льняныя вобразы праекта «Роднае моднае» і Цэнтра моды, а таксама работы навучэнцаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

 
 

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь выказвае ўдзячнасць усім удзельнікам і партнёрам мерапрыемства за ўнёсак у развіццё гуманітарнага супрацоўніцтва і прасоўванне беларускай мовы і культуры як неад'емнай часткі нацыянальнай ідэнтычнасці і міжнароднага дыялогу.