28 мая 2021 г. у Міністэрстве замежных спраў адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да 100-годдзя стварэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Да даведкі: юбілейная дата ўключана ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА на 2021 год.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей.
У сваім выступленні кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што сёння БДУ займае лідзіруючыя пазіцыі сярод беларускіх вышэйшых навучальных устаноў і трывала зацвердзіўся як вышэйшая навучальная ўстанова краіны, якая іграе важную ролю ў развіцці беларускага грамадства.
У.Макей падкрэсліў, што ўключэнне 100-годдзя БДУ у Каляндар памятных дат ЮНЕСКА сведчыць аб высокім міжнародным аўтарытэце ўніверсітэта, яго дасягненнях у адукацыйнай і акадэмічнай абласцях.
Міністр з задавальненнем адзначыў, што ўніверсітэт стаў Alma Mater для многіх беларускіх дыпламатаў, і менавіта выпускнікі БДУ складаюць кадравую аснову беларускай дыпламатычнай службы.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў мерапрыемства таксама звярнуліся Першы намеснік Міністра адукацыі Ірына Старавойтава, рэктар БДУ Андрэй Кароль, а таксама кіраўнік аддзела вышэйшай адукацыі ЮНЕСКА Піцер Дж. Уэлс.
Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя прадукцыі цэнтра харчовых тэхналогій УП “Унітэхпрам БДУ”.
Перад удзельнікамі выступіў струнны квартэт Вялікага тэатра Беларусі “VIVAT QUARTET”.