Размер шрифта:

Адказы начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Амбразевіча на пытанні згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” адносна праекта закону “Аб беларусах замежжа”, 18 лістапада 2013 г.

Праект закону “Аб беларусах замежжа” паступіў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Апошнім часам над канчатковым варыянтам законапраекта перад падачай у Палату прадстаўнікоў працавала Міністэрства замежных спраў Беларусі. Прапануем вашай увазе адказы начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Амбразевіча Юрыя Георгіевіча на пытанні згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” адносна законапраекта і яго далейшага лёсу.
 

Паважаны Юрый Георгіевіч, на сайце Палаты прадстаўнікоў, у раздзеле планаў прыняцця законаў, з'явіўся пункт пра закон “Аб беларусах замежжа”. Гэта доўгачаканы момант для Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, якое з 2001 г. выступае за яго прыняцце. У сувязі з гэтым дазвольце задаць Вам некалькі пытанняў. 
 
1. Наколькі можна быць упэўненымі, што гэтым разам закон “Аб беларусах замежжа” ўсё ж  будзе прыняты? 
 
Праца над законапраектам сапраўды ішла не адзін год. Некаторыя дзяржаўныя ўстановы не адразу пагадзіліся з яго мэтазгоднасцю. Пасля значны час спатрэбіўся для таго, каб прыйсці да адзінага разумення ўсімі ўдзельнікамі працэсу паняццяў і прынцыпаў, якія закладваюцца ў гэты прававы акт. У выніку прадстаўлены Урадам у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь законапраект з'яўляецца досыць кампрамісным. 
 
Аднак галоўнае — гэта агульнае разуменне патрэбнасці закону як для дзяржавы, так і для тых, каму ён адрасаваны, — для беларусаў, якія пражываюць за мяжой. І менавіта гэта дазваляе спадзявацца, што прыняцце закону адбудзецца ў найбліжэйшай перспектыве. На дадзеным этапе Урад выканаў усё, што ад яго залежыць, — вызначыўся з адзіным падыходам, скарыстаў сваё права заканадаўчай ініцыятывы. Цяпер працэс знаходзіцца ў руках парламентарыяў. Праект дакумента ўжо разгледжаны на пасяджэнні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якая падтрымала законапраект і рэкамендавала яго да разгляду ў першым чытанні. 
 
2. Вы згадалі пра тое, што ўнесены ў Парламент законапраект — гэта кампраміс. Не маглі б вы дэталёва пракаментаваць сутнасць дасягнутага ва Урадзе ўзаемапаразумення па дакуменце? У чым заключалася розніца ў падыходах да тэмы адносінаў дзяржавы і беларусаў замежжа? 
 
Пачну з таго, што падчас распрацоўкі закону ў МЗС і ў іншых дзяржаўных установах спрабавалі адказаць на пытанне, якую пазіцыю дзяржава павінна займаць на сучасным этапе ў адносінах да замежных грамадзян: этнічных беларусаў або прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія з’яўляюцца выхадцамі з Беларусі ці іх нашчадкамі. Ужо потым паўстала пытанне, ці патрэбны гэты закон і якім ён павінен быць. 
 
Відавочна, што Беларусь, як і любая дзяржава, зацікаўленая ў тым, каб развіваць адносіны з людзьмі, якія любяць сваю гістарычную радзіму, яе культуру, вызнаюць сябе беларусамі. Гэта спрыяе пазітыўнаму іміджу краіны ў свеце, станоўча ўплывае на ўнутранае развіццё дзяржавы і грамадства. Нашы суайчыннікі за мяжой валодаюць сур’ёзным палітычным, эканамічным, культурным патэнцыялам. Нельга казаць, што да пачатку працы над законам гэтага ў Беларусі не разумелі. Гэта не так. Дзяржава актыўна супрацоўнічала, падтрымлівала і працягвае супрацоўнічаць і падтрымліваць многіх беларусаў за мяжой. І МЗС, і Мінкульт, і Мінінфарм, і Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў самым непасрэдным чынам працуюць з беларускімі арганізацыямі ва ўсіх суседніх краінах і многіх іншых дзяржавах свету, дзе існуе арганізаваная беларуская дыяспара, уключаючы нават далёкую Аргенціну. 
 
Усведамленне таго, што дзяржаўнай працы з беларусамі за мяжой не хапае скаардынаванасці і мэтанакіраванасці і што ўзаемадзеянне з імі магло б як прынесці большую аддачу інтарэсам краіны, так і больш актыўна спрыяць захаванню беларускай прысутнасці ў замежжы, вызначыла неабходнасць аднаўлення сістэмнага падыходу да вырашэння гэтых задач. 
 
Дыскусія наконт таго, чым і як павінен быць вызначаны гэты падыход, праходзіла перадусім у плоскасці аб'ёму тых абавязкаў, якія дзяржава была гатовая і здольная прыняць на сябе ў дачыненні да працы з беларусамі замежжа. Нам добра вядомыя чаканні многіх замежных суайчыннікаў ад беларускай дзяржавы: бясплатныя візы, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і наогул бясплатная адукацыя. Гэта не поўны, але яскравы прыклад, які кажа сам за сябе. Маючы гэта на ўвазе, прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных устаноў, на мой погляд, цалкам справядліва падымалі пытанне аб тым, чаму беларускі бюджэт павінен ствараць для замежнікаў, нават беларусаў па крыві, якія не заплацілі ў бюджэт ні капейкі падаткаў, умовы, аналагічныя беларускім грамадзянам, якія нясуць асноўны цяжар па стварэнні сацыяльнай сферы нашай дзяржавы. Асобныя галасы нават прапаноўвалі простую формулу: «Хай плацяць падаткі ў беларускую казну і атрымліваюць і бясплатныя візы, і ўсё астатняе…» Узнікалі і іншыя пытанні. Напрыклад, «ва ўсім свеце вядома, што робіць армянская дыяспара для Рэспублікі Арменія, а што зрабілі выхадцы з Беларусі для сваёй радзімы?» 
 
Тым не менш, важную ролю ў тым, што было прынятае рашэнне ўсё ж спыніцца на неабходнасці закону, адыграла адзінае разуменне таго, што тэма дыяспары і супрацоўніцтва з ёй, безумоўна, з'яўляецца важным палітычным фактарам. Таму ўнесены ў Парламент праект — гэта дакумент, перш за ўсё, палітычны і праграмны, закліканы закласці сістэму, якую можна будзе развіваць у будучыні ў залежнасці ад магчымасцяў і інтарэсаў дзяржавы. Гэта свайго роду палітычны сігнал як сістэме дзяржаўнага кіравання, так і беларусам замежжа. Усім вядома, што прававое рэгуляванне грамадскіх адносін шляхам прыняцця спецыяльнага закону ажыццяўляецца ў нашай краіне толькі ў выпадку, калі дзяржава разглядае гэтыя адносіны як безумоўна важныя. 
 
3. На Шостым з’ездзе беларусаў свету, які ў ліпені гэтага года зладзіла Згуртаванне “Бацькаўшчына”, паўставаў шэраг пытанняў, звязаных з законапраектам. Удзельнікі з’езду лічаць важнай задачай заканадаўчае замацаванне статусу “беларус замежжа”. Хто такі беларус замежжа: той, хто прызнае сябе такім, той, хто мае тут карані, той, хто размаўляе па-беларуску і падтрымлівае беларускую культуру і г.д.? Ці не маглі б Вы акрэсліць, які прынцып будзе пакладзены ў аснову гэтага вызначэння ў законе “Аб беларусах замежжа”: культурны, этнічны ці дзяржаўны, як гэта ёсць у тым варыянце законапраекта, што пайшоў у Палату прадстаўнікоў? Якія асноўныя правы для замежных беларусаў ён прадугледжвае? 
 
Законапраект прапануе вызначыць паняцце беларусаў замежжа. У першым артыкуле беларусы замежжа вызначаюцца як «этнічныя беларусы, выхадцы з Рэспублікі Беларусь, і асобы, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь». 
 
Больш дэталёва гэтае паняцце раскрываецца ў законе наступным чынам: 
 
1. грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь; 
 
2. замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і самі або іх продкі па прамой узыходнай лініі нарадзіліся або пражывалі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь; 
 
3. замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці да беларускага народу або мовы, культуры, гістарычных сувязей, ведання і захавання беларускіх традыцый і звычаяў. 
 
Прызнанне сваёй прыналежнасці да беларусаў замежжа ў адпаведнасці з абзацамі другім і трэцім, што я акрэсліў, з’яўляецца актам іх самаідэнтыфікацыі, падмацаваным грамадскай або прафесійнай дзейнасцю па захаванні беларускай мовы, развіцці беларускай культуры за мяжой, умацаванні сяброўскіх адносін дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці або сталага месца жыхарства беларусаў замежжа з Рэспублікай Беларусь і іншымі пацверджаннямі добраахвотнага выбару на карысць духоўнай і культурнай сувязі з беларускай дзяржавай. 
 
У канцэпцыі, якую падтрымлівае МЗС, выключаныя ўсе магчымыя размежаванні, у тым ліку і па этнічнай прыналежнасці. Яшчэ раз падкрэслю, беларус ты ці не — гэта пытанне самаідэнтыфікацыі. Галоўнае, каб чалавек сапраўды адчуваў сябе такім, дэманстраваў сваю зацікаўленасць да нашай краіны практычнымі дзеяннямі, пацвярджаў свой добраахвотны выбар на карысць беларускай культуры, развіцця канструктыўных стасункаў з беларускай дзяржавай. 
 
Гаворка пра тое, каб гэтым асобам, якія дэ-факта і дэ-юрэ з'яўляюцца замежнымі грамадзянамі, даць нейкія спецыяльныя правы, на дадзеным этапе не ідзе. У законе, аднак, закладзеныя нормы, якія могуць быць выкарыстаныя для гэтых мэтаў у будучыні. 
 
Ваша пытанне аб статусе беларуса замежжа прымушае мяне ў сваю чаргу спытаць Вас як прадстаўніка грамадскай арганізацыі, якая аб'ядноўвае беларусаў замежжа, якая адстойвае іх інтарэсы, — а якія абавязкі вы бачыце для гэтай катэгорыі асоб у дачыненні да іх гістарычнай радзімы? 
 
Хачу коратка адказаць на яго сам з пункту гледжання чаканняў дзяржавы. Не буду ўтойваць, што мы хацелі б бачыць з боку беларусаў замежжа значна большую актыўнасць у рэалізацыі сумесных праектаў, у тым ліку інвестыцыйных, якія ўносяць значны ўклад у развіццё сучаснай Беларусі. Магчыма, што дзейсны вынік такіх сумесных праектаў дазволіць дзяржаве змяніць свае падыходы да статусу беларусаў замежжа. 
 
4. Паводле СМІ, канцэпцыя законапраекта была перададзеная для абмеркавання некаторым беларускім арганізацыям у Латвіі, Літве, Расіі, Украіне і Польшчы. Пра іх водгукі ішла гаворка і на круглым стале, праведзеным МЗС сёлета ў траўні. Скажыце, калі ласка, ці вяліся нейкія перамовы, ці былі кантакты і з беларусамі далёкага замежжа, а не толькі краін-суседзяў? Ці ёсць нейкія грунтоўныя адрозненні ў тым, як бачаць гэты закон першыя і другія? 
 
Абмеркаванне праекта адбылося не толькі з беларускімі арганізацыямі ў Латвіі, Літве, Расіі, Украіне і Польшчы, але і з прадстаўнікамі беларусаў з Ізраілю. Грунтоўная дыскусія, падчас якой закраналася і пытанне распрацоўкі закону, адбылася ў мяне ў Нью-Ёрку ў маі 2013 года з асобнымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў ЗША, тымі, хто быў гатовы прыйсці на сустрэчу. 
 
Хачу адзначыць, што пры вызначэнні спіса краін, з прадстаўнікамі якіх мы абмяркоўвалі законапраект, мы кіраваліся крытэрыем колькасці беларусаў замежжа ў гэтых краінах. Вельмі складана, я б сказаў, практычна немагчыма з арганізацыйнага пункта гледжання абмеркаваць закон з 220 суполкамі беларусаў, якія нам вядомыя. Дзякуючы нашым кантактам з беларусамі замежжа праз беларускія дыпламатычныя ўстановы ва ўсім свеце мы мелі дастаткова інфармацыі пра тое, што беларуская дыяспара хацела б бачыць у гэтым дакуменце. 
 
У дачыненні да таго, ці ёсць розніца ў падыходах да законапраекта з боку беларусаў блізкага і далёкага замежжа, адкажу так: працуючы над законапраектам, МЗС не адчула такога падзелу ў залежнасці ад геаграфіі. Але агулам можна вылучыць два прынцыповыя адрозненні ў стаўленні беларусаў замежжа да патэнцыйнай падтрымкі беларускай дзяржавы. Адна частка беларускіх арганізацый ужо цяпер робіць шмат карыснага і цікавага, перш за ўсё ў сферы захавання беларускай культуры, мовы, традыцый. Яны, як правіла, зыходзяць з рэальных умоў, падтрымліваюць добрыя працоўныя кантакты з прадстаўнікамі дзяржавы і беларускага грамадства. Дзяржава са свайго боку аказвае ім тую падтрымку, на якую цяпер здольная. Гаворка ідзе пра нацыянальныя строі, музычныя інструменты, падручнікі, культурны абмен, гастролі тэатраў і гэтак далей. Такія людзі і арганізацыі заўсёды знойдуць паразуменне і падтрымку з боку, напрыклад, беларускіх консульскіх устаноў пры вырашэнні візавых пытанняў, па іншых магчымых праблемах. Вядома, што гэта адбываецца ў рамках дзейнага заканадаўства.. 
 
На жаль, пэўная частка нашых суайчыннікаў за мяжой «загінае пальцы»: дайце нам гэта, дайце нам тое, і толькі тады мы, як яны кажуць, будзем адчуваць сябе шчырымі беларусамі і будзем нешта рабіць на карысць радзімы. Такая пазіцыя, мяркуем, не прывядзе да паспяховага супрацоўніцтва. Такіх людзей і арганізацыі мы не падтрымліваем. Любое дзяржаўнае садзейнічанне мае канчатковую мэту, і ў дадзеным выпадку мы гаворым пра тое, што падтрымка накіраваная на стварэнне кола сяброў, якія шчыра і добраахвотна імкнуцца са свайго боку падтрымліваць цесную сувязь з беларускай дзяржавай. Супрацоўніцтва па азначэнні — гэта вуліца з двухбаковым рухам. У гэтым сэнсе ўсе дзяржавы свету дзейнічаюць аднолькава. 
 
5. Як было раней агучана, мяркуецца, што закон будзе насіць рамачны характар. Ці будзе весціся праца над падзаконнымі актамі, якія б мелі непасрэднае ўздзеянне? Магчыма, ужо ёсць канкрэтнае бачанне, што гэта будуць за прававыя дакументы, на што яны будуць накіраваныя? 
 
Упэўнены, што абсалютная большасць беларусаў замежжа пазітыўна ацэніць факт прыняцця закону, нават калі ён будзе і не ў поўнай меры адказваць на ўсе іх практычныя пытанні. Закон у любым выпадку стане вялікім крокам наперад, які дэманструе, што дзяржава не адварочваецца ад суайчыннікаў за мяжой, а, наадварот, працягвае руку ўсім тым, хто зацікаўлены ў сумесным збліжэнні, сумеснай працы на канструктыўнай аснове. Для Беларусі гэты закон — першы досвед, які трэба развіваць. 
Немагчыма ў закон, які прымаецца на доўгія гады, унесці ўсё тое, што цяпер з’яўляецца вельмі актуальным, а праз год або два можа страціць сэнс. Таму гэты закон будзе падмуркам для далейшага будаўніцтва адносін паміж Беларуссю і беларусамі замежжа. 
 
Гэты закон вызначае катэгорыі асоб, якія адносяцца да беларусаў замежжа, устанаўлівае мэты, прынцыпы дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне стасункаў з беларусамі замежжа, а таксама віды і формы дзяржаўнай падтрымкі, што аказваецца беларусам замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі. 
 
Дакумент павінен выбудаваць дакладную нацыянальную сістэму ўстаноў, адказных за ўзаемадзеянне з суайчыннікамі за мяжой, удакладніць іх кампетэнцыю, механізмы ўзаемасувязяў і каардынацыі. Менавіта гэты сэнс мы ўкладаем, калі гаворым пра рамачны характар законапраекта. 
 
Але праца з беларусамі замежжа праводзілася дзяржавай і раней, па запытах беларускіх суполак друкаваліся кнігі, накіроўваліся нацыянальныя строі, музычныя інструменты, аказвалася дапамога ва ўдзеле ў беларускіх фестывалях і гэтак далей. Я б сказаў, што тры кіты, на якіх трымалася асноўная праца з беларусамі замежжа, працягнуць гэта рабіць і надалей: гэта МЗС, Міністэрства культуры і Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Вочы і рукі МЗС — гэта нашы дыпламатычныя ўстановы, якія на месцах ажыццяўляюць непасрэднае супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, менавіта праз іх мы ў большасці выпадкаў даведваемся, як жыве наша суполка за мяжой. Добрую працу ажыццяўляе Інстытут культуры Беларусі і Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Гэтыя ўстановы, як плануецца, застануцца навуковымі пляцоўкамі супрацоўніцтва з беларусамі замежжа. 
 
Наконт практычных крокаў дзяржавы па задавальненні запытаў нашых суполак за мяжой на цяперашні час можам гаварыць аб праекце Дзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа “Беларусы ў свеце” на 2013-2015 гады, якая цяпер разглядаецца Урадам, адказны выканаўца — Міністэрства культуры. Ужо працуе Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады, а таксама Праграма развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2011-2015 гады, адказны выканаўца — Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Для выкладчыкаў беларускіх школ і нядзельных класаў на базе дзяржаўнай установы “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі”, якая належыць Міністэрству адукацыі, сістэматычна арганізуюцца курсы павышэння кваліфікацыі. 
 
Калі будзе прыняты закон, будуць праходзіць пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, на якіх будуць разглядацца пытанні, чаго яшчэ, магчыма, не хапае нашаму супрацоўніцтву з беларусамі замежжа. 
 
6. Яшчэ адна з праблемаў, якія хвалявалі гасцей і дэлегатаў з’езду, — гэта праблема наведванняў радзімы. Многія адзначалі, што атрымаць візу часта бывае праблематычна, ды і нятанна, а калі візу і выдаюць, то гэты працэс бывае складаным і працэдурна, і псіхалагічна. І патрабаванні да беларусаў замежжа нічым не адрозніваюцца ад патрабаванняў да іншых замежнікаў. Як Вы лічыце, прыняцце закону спросціць гэтую працэдуру для беларусаў замежжа? Ці гэта якраз задача падзаконных актаў? 
 
Праблема, якую вы акрэслілі, датычыцца толькі нашых суайчыннікаў, якія пражываюць не на прасторы СНД і не ў краінах, з якімі ў нас ужо існуе адпаведная дамоўленасць аб бязвізавым перамяшчэнні пры наяўнасці сапраўднага пашпарта або іншага дакумента, прадугледжанага нацыянальным заканадаўствам замежнай дзяржавы. 
 
Хачу адзначыць, што дзейны ў цяперашні час парадак атрымання беларускіх віз максімальна спрошчаны. Для афармлення візы тэрмінам знаходжання да 30 дзён патрабуецца толькі заплаціць консульскі збор, запоўніць візавую анкету і падаць яе разам з пашпартам у дыпламатычнае прадстаўніцтва або консульскую ўстанову Рэспублікі Беларусь за мяжой. Асабістая падача дакументаў таксама не абавязкова, іх можна перадаць па пошце, праз візавыя агенцтвы або з пасыльным. 
 
Для адкрыцця візы на больш працяглы тэрмін патрабуецца дакументальнае пацверджанне неабходнасці знаходжання ў Беларусі (запрашэнне фізічнай асобы, хадайніцтва юрыдычнай асобы і г.д.). Але і ў гэтым выпадку атрымаць беларускую візу нашмат прасцей, чым беларусу шэнгенскую або амерыканскую. 
 
Вы кажаце пра тое, што беларуская віза каштуе дорага. Хачу зазначыць, што кошт беларускай візы павінен пакрываць выдаткі па забеспячэнні дзейнасці нашых замежных устаноў, што ўключае арэнду офісаў, функцыянаванне спецыяльнай інфармацыйнай сістэмы і іншае. 
 
Скаргі на высокі кошт беларускіх візаў, асабліва для грамадзян багатых заходніх краінаў, выглядаюць некалькі дзіўна на фоне таго, што для грамадзян ЗША, якія едуць у Беларусь, і грамадзян Беларусі, якія накіроўваюцца ў ЗША, кошт простай аднаразовай візы аднолькавы. Ідэнтычная сітуацыя і ў дачыненні да грамадзян дзяржаў Еўрасаюза. Больш за тое, заканадаўствам прадугледжаная магчымасць адмены платы за візу па рашэнні кіраўніка беларускага пасольства або консульства, у тым ліку з гуманітарных меркаванняў. 
 
Што датычыцца складанасцяў працэдуры, намі створаныя камфортныя ўмовы для атрымання поўнай інфармацыі аб патрабаваннях да выдачы беларускай візы, якая размяшчаецца ў інтэрнэце на мове краіны знаходжання консульскай установы. Вусныя кансультацыі можна заўсёды атрымаць наўпрост, патэлефанаваўшы ў нашу консульскую службу ў пэўнай краіне або ў МЗС Беларусі. 
 
Не хацелася б палемізаваць з вамі пра псіхалагічныя цяжкасці, якія ўзнікаюць пры атрыманні беларускай візы замежнікамі. Адзначу толькі, што не пазайздрошчу таму беларускаму консулу, у дачыненні да якога замежны грамадзянін напіша афіцыйную скаргу на нейкія неадэкватныя дзеянні. Да гонару МЗС у адрас нашых консульскіх супрацоўнікаў штогод прыходзіць шмат падзяк, у той час як скаргаў — адзінкі. Улічваючы ўсё гэта, праект закону не прадугледжвае нормаў прамога дзеяння, што датычыцца парадку перасячэння дзяржаўнай мяжы. Аднак магчымасць рэалізацыі такога падыходу не выключаецца ў прынцыпе. 
 
7. Дэлегаты Шостага з’езду закранулі таксама праблему вяртання беларусаў на гістарычную радзіму. Было адзначана, што многія з іх хочуць вярнуцца ў Беларусь, а некаторыя нават хочуць выступіць у якасці інвестараў, атрымаўшы беларускае грамадзянства. Для гэтага патрэбная максімальна спрошчаная працэдура атрымання беларускага грамадзянства, а таксама “стартавая” падтрымка для такіх асобаў. Скажыце, ці прадугледжвае адказы на гэтыя пытанні законапраект? 
 
У рамках дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь для нашых суайчыннікаў існуе рэальная магчымасць вяртання на гістарычную радзіму, у тым ліку і ў якасці інвестараў. 
 
Так, у адпаведнасці з артыкулам 53 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь” дазвол на пастаяннае пражыванне выдаецца замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія: 
 
— “з'яўляюцца этнічнымі беларусамі або іх кроўнымі сваякамі па прамой сыходнай лініі: дзецьмі, унукамі, праўнукамі, якія нарадзіліся за межамі сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”; 
 
— “з'яўляюцца замежнымі інвестарамі, якія ўклалі інвестыцыі ў памеры не менш як сто пяцьдзесят тысяч еўра ў аб'екты інвестыцыйнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым для ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь атрыманне беларускага грамадзянства не патрабуецца”. 
 
Што тычыцца магчымасці атрымання этнічнымі беларусамі беларускага грамадзянства ў спрошчаным парадку, то Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь” такая магчымасць ужо прадугледжаная. 
 
8. Не сакрэт, што многія беларусы замежжа маюць 2 пашпарты, пры гэтым падвойнае грамадзянства не прызнаецца Беларуссю. Ці не маглі б Вы акрэсліць, як дзяржава ставіцца да наяўнасці гэтых 2 пашпартоў? І ці адлюстраванае гэта неяк у законапраекце? 
 
Адказ на гэта “складанае” пытанне ўжо прадугледжаны беларускім заканадаўствам. У адпаведнасці з артыкулам 11 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь” за асобай, якая з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, не прызнаецца прыналежнасць да грамадзянства замежнай дзяржавы. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць таксама іншае грамадзянства, не могуць на гэтай падставе быць абмежаваныя ў правах, вызваляцца ад адказнасці ці ўхіляцца ад выканання абавязкаў, што вынікаюць з грамадзянства Рэспублікі Беларусь. 
 
Кажучы прасцей, асоба, якая мае, напрыклад, у дадатак да беларускага грамадзянства яшчэ і канадскае ці бразільскае, павінна ўязджаць, выязджаць і знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выключна па беларускім пашпарце. 
 
9. Юрый Георгіевіч, пры канцы нашай сустрэчы што Вы хацелі б дадаць да сваіх слоў? 
 
Хачу запэўніць, што з боку МЗС і беларускіх дыппрадстаўніцтваў беларусы замежжа заўсёды знойдуць паразуменне і адпаведнае садзейнічанне. 
 
Вялікі дзякуй за гутарку! 
 

Дипмиссии Беларуси за рубежом

Все дипмисии Иностранные дипмиссии в Беларуси
Перейти

Видео МИД

Архив

Официальные интернет-ресурсы

Президент Республики Беларусь

www.president.gov.by

Совет Министров Республики Беларусь

www.government.gov.by

Совет Республики

www.sovrep.gov.by

Палата представителей

www.house.gov.by

Официальный сайт Республики Беларусь

www.belarus.by

Международный ИКТ-Форум ТИБО-2022

www.tibo.by

Национальный центр правовой информации Республики Беларусь

www.ncpi.gov.by

Портал информационной поддержки экспорта Export.by

www.export.by

Белорусская торгово-промышленная палата

www.cci.by

Электронная торговая площадка ТОРГИБЕЛ

www.торги.бел

Правовой форум Беларуси

www.forumpravo.by

Национальное агентство инвестиций и приватизации

www.investinbelarus.by

Национальное агентство по туризму

www.belarustourism.by

Белорусская универсальная товарная биржа

www.butb.by

Информационно-аналитический портал Союзного государства

www.soyuz.by

Телеканал «Беларусь-24»

www.belarus24.by

Радиостанция «Беларусь»

www.radiobelarus.by

Дипсервис

www.dipservice.by

Главное хозяйственное управление

www.bc.by

Электронная торговая площадка “TradeBel”

www.tradebel.com

Национальная академия наук Беларуси

www.nasb.gov.by

Министерство образования Республики Беларусь

www.edu.gov.by

Министерство природных ресурсов Республики Беларусь

www.minpriroda.gov.by

Министерство здравоохранения Республики Беларусь

www.minzdrav.gov.by

Министерство экономики Республики Беларусь

www.economy.gov.by