Памер шрыфта:

Аб удзеле Міністра замежных спраў Беларусі М.Рыжанкова ў тыдні высокага ўзроўню 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (трэці дзень)

26 верасня 2025 г.

 

25 верасня 2025 г. Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў узяў удзел у адкрытых дэбатах Савета Бяспекі ААН па пытанні штучнага інтэлекту (ШІ) і яго ўплыву на міжнародны мір і бяспеку.

У сваім выступе кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што прагрэс у сферы ШІ адкрывае вялікія магчымасці для барацьбы з глабальнымі выклікамі, уключаючы змяненне клімату, голад і невылечныя хваробы, аднак адначасова спараджае сур'ёзныя рызыкі, калі гэтая тэхналогія апынецца па-за кантролем чалавека. 

Максім Рыжанкоў падкрэсліў недапушчальнасць тэхналагічнага падзелу свету і выключэння асобных краін з працэсаў развіцця ШІ, указаўшы на небяспеку з'яўлення новай «сіліконавай заслоны». Як адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі, толькі пры роўным доступе да перадавых тэхналогій штучны інтэлект зможа служыць мэтам міру і ўстойлівага развіцця. Асаблівую ўвагу Міністр надаў пагрозам мілітарызацыі ШІ, адзначыўшы неабходнасць прадухілення сцэнарыяў, пры якіх аўтаномныя ўзброеныя сістэмы атрымліваюць магчымасць самастойна прымаць рашэнні. 

Асобны акцэнт у выступе быў зроблены на пытаннях этыкі і адказнасці. Міністр падкрэсліў, што штучны інтэлект павінен садзейнічаць паляпшэнню якасці жыцця людзей, захаванню іх годнасці і недапушчэнню дыскрымінацыі. «Маючы здольнасць да саманавучання, гэты інструмент (ШІ) можа загубіць чалавецтва, калі выпусціць яго з-пад кантролю», – нагадаў Міністр выказванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі і выступіў за неабходнасць вызначэння механізмаў адказнасці за рашэнні, якія прымаюцца штучным інтэлектам. У гэтым кантэксце беларускі бок выказаў падтрымку ініцыятыве Кітая аб стварэнні Сусветнай арганізацыі супрацоўніцтва ў галіне штучнага інтэлекту, якая магла б стаць універсальнай пляцоўкай для ўзгаднення правілаў і выпрацоўкі механізмаў міжнароднага кантролю за выкарыстаннем ШІ.
 
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў таксама выступіў на Міністэрскай сустрэчы групы аднадумцаў у падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходу, прысвечанай тэме «Актывізацыя супрацоўніцтва ў мэтах развіцця краін з сярэднім узроўнем даходу». 

Група аднадумцаў у падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходу была створана ў 2016 годзе па ініцыятыве Беларусі і Коста-Рыкі. Цягам апошняга года яе работай кіравалі Філіпіны. 

Міністр адзначыў, што краіны з сярэднім узроўнем даходу сутыкаюцца з «пасткай сярэдняга даходу» і маюць патрэбу ў новых крыніцах эканамічнага росту і інавацыйнага развіцця. «Калі мы здолеем выкарыстоўваць гэтыя магчымасці, краіны з сярэднім узроўнем даходу змогуць выйсці на новы ўзровень развіцця і нават стаць донарамі ў сістэме ААН, аказваючы падтрымку найменш развітым краінам».
 
М.Рыжанкоў падкрэсліў, што пытанні паспяховага развіцця краін групы з'яўляюцца важнымі для ўсёй міжнароднай супольнасці. У гэтым кантэксце кіраўнік МЗС асабліва адзначыў два дакументы для краін з сярэднім узроўнем даходу – Стратэгічны план дзеянняў і Міжустановавы агульнасістэмны план рэагавання. Беларусь пацвердзіла гатоўнасць актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы адпаведных рашэнняў ААН і развіцці міжнароднага супрацоўніцтва.

На палях 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН адбылася сустрэча міністраў замежных спраў дзяржаў – членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Падчас перамоваў абмеркаваны пытанні ўмацавання ролі і бачнасці арганізацыі ў міжнароднай сістэме бяспекі, а таксама перспектывы прасоўвання калектыўных ініцыятыў краін-членаў на глабальнай арэне. 

М.Рыжанкоў праінфармаваў калег аб падрыхтоўцы ІІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая адбудзецца 28–29 кастрычніка 2025 г. у Мінску. Міністр падкрэсліў важнасць удзелу краін-членаў АДКБ, адзначыўшы, што гэта стане значным унёскам у фармаванне архітэктуры бяспекі ў Еўразіі. 

На палях канферэнцыі плануецца правядзенне тэматычных мерапрыемстваў, уключаючы панэль аб перспектывах калектыўнай бяспекі ў Еўразіі і сесію «Міграцыя ў сучасных міжнародных адносінах: на шляху да больш спарадкаванага і бяспечнага перамяшчэння людзей». 

Асаблівую ўвагу М.Рыжанкоў надаў ініцыятыве Беларусі і Расіі па падрыхтоўцы Еўразійскай Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, якая павінна ўмацаваць прынцыпы раўнапраўя, непадзельнасці бяспекі і павагі да розных шляхоў развіцця. Міністр запрасіў краіны-члены АДКБ актыўна ўдзельнічаць у абмеркаванні Хартыі на канферэнцыі і падкрэсліў, што сумесная работа над дакументам будзе садзейнічаць павышэнню ролі і пазнавальнасці АДКБ у міжнароднай сістэме бяспекі.

На сустрэчы з Міністрам замежных спраў, замежнага працаўладкавання і турызму Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка Віджытай Хератам бакі канстатавалі паступальнае развіццё двухбаковага ўзаемадзеяння і адзначылі маючы адбыцца ў лістападзе юбілей – 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. 

Падчас перамоў пацверджана гатоўнасць да правядзення 4-га раунда палітычных кансультацый на ўзроўні намеснікаў міністраў і 3-га пасяджэння Сумеснай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
 
Бакі выказалі задавальненне дынамікай развіцця супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння, а таксама росту колькасці ланкійскіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі. 

Развіццё турыстычнай сферы таксама было ў фокусе ўвагі міністраў. Выхад на падпісанне ў бліжэйшы час, сярод іншых двухбаковых дакументаў, міжурадавага Пагаднення аб паветраных зносінах будзе садзейнічаць больш эфектыўнай рабоце краін у сферы турызму, росту пасажыра- і грузапатокаў паміж дзвюма дзяржавамі. 

Асаблівая ўвага таксама нададзена ўзаемадзеянню ў міжнародных арганізацыях. Беларускі бок выказаў удзячнасць за падтрымку з боку Шры-Ланкі і пацвердзіў зацікаўленасць у далейшым умацаванні партнёрства ў інтарэсах фарміравання справядлівага шматпалярнага свету. 

Міністры абмеркавалі графік двухбаковых сустрэч на наступны год, у тым ліку абмяняліся запрашэннямі па ўзаемных візітах. 

З намеснікам Міністра эканомікі і міжнароднага супрацоўніцтва Дамініканскай Рэспублікі Уга Рывера Фернандэсам абмеркаваны перспектывы развіцця двухбаковых адносін, пытанні харчовай бяспекі, супрацоўніцтва ў галіне турызму, у прыватнасці, арганізацыя адпачынку беларускіх грамадзян у Дамініканскай Рэспубліцы. 

Падчас перамоваў з Міністрам замежных спраў Рэспублікі Судан Махідынам Салемам кіраўнік беларускага МЗС М.Рыжанкоў павіншаваў калегу з назначэннем на важную дзяржаўную пасаду. Суразмоўцы выказалі гатоўнасць актывізаваць двухбаковы дыялог на ўсіх узроўнях, уключаючы ўзаемадзеянне паміж профільнымі міністэрствамі. Беларусь пацвердзіла падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Судана.

Закрануты перспектывы аднаўлення комплекснага супрацоўніцтва ў ключавых сферах: харчовай бяспецы, прамысловасці, энергетыкі, адукацыі і ахове здароўя. Адзначана гатоўнасць Беларусі садзейнічаць пасляканфліктнаму аднаўленню краіны, уключаючы пастаўкі прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, выкарыстанне беларускага тэхналагічнага патэнцыялу, умацаванне кааперацыйных сувязей. 

Падчас размовы Міністра замежных спраў М.Рыжанкова з Міністрам замежных спраў Узбекістана Бахтыёрам Саідавым абмеркаваны ўвесь комплекс адносін паміж краінамі, уключаючы ўзаемадзеянне ў рамках міжнародных арганізацый.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы