Памер шрыфта:

Аб удзеле Міністра замежных спраў Беларусь У.Макея ў 76-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (першы дзень)

23 верасня 2021 г.

 

22 верасня 2021 г. падчас удзелу ў мерапрыемствах 76-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей правёў шэраг сустрэч з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў дзяржаў-членаў ААН.

Падчас сустрэчы Уладзіміра Макея з Міністрам замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Іран Хасэйнам Амірам Абдалахіянам бакі абмеркавалі шырокі спектар пытанняў супрацоўніцтва на двухбаковым трэке згодна дамоўленасцям, дасягнутым на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Ірана ў г.Душанбэ 16 верасня б.г. 

Міністры пацвердзілі неабходнасць інтэнсіфікацыі ў бліжэйшай перспектыве беларуска-іранскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з улікам сумесных намаганняў дзвюх краін на міжнароднай арэне па супрацьдзеянні палітыцы эканамічнага ціску і аднабаковым прымусовым мерам. З мэтай эфектыўнай рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дамовіліся актывізаваць працу ў рамках наяўных двухбаковых механізмаў узаемадзеяння: як па лініі кансультацый паміж знешнепалiтычнымi ведамствамi, так і ў Змешанай беларуска-іранскай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва.

Бакі таксама абмеркавалі пытанні шматбаковага парадку дня і ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях. Адзначана супадзенне пазіцый па шэрагу актуальных міжнародных тэм, у першую чаргу ў дачыненні да праблематыкі незаконных санкцый як метаду палітычнага ціску і ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. Падчас размовы Хасейн Амір Абдалахiян запрасіў Уладзіміра Макея наведаць Тэгеран з рабочым візітам у бліжэйшы час.

На сустрэчы з Міністрам замежных спраў Рэспублікі Нікарагуа Дэнісам Раналда Манкада Калідрэсам абмеркаваны пытанні палітычнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Адзначаны высокі ўзровень узаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне. Д.Калідрэс адзначыў важнасць удзелу Беларусі ў дзейнасці Групы сяброў у абарону Статута ААН і Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Уладзімір Макей падзякаваў кіраўніку МЗС Нікарагуа за садзейнічанне ў прасоўванні ініцыятыў Беларусі ў ААН, у тым ліку па супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Асаблівая ўвага нададзена развіццю эканамічных сувязяў паміж дзяржавамі, актывізацыі работы Сумеснай Беларуска-Нікарагуанскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і павышэнню інтэнсіўнасці кантактаў па лініі знешнепалітычных ведамстваў.

На сустрэчы з Міністрам замежных спраў Турэцкай Рэспублікі Меўлютам Чавушаглу бакі канстатавалі пазітыўную дынаміку двухбаковага супрацоўніцтва. Абмеркаваны пытанні падрыхтоўкі чарговага пасяджэння Беларуска-Турэцкай сумеснай міжурадавай эканамічнай камісіі. Адбыўся абмен думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, уключаючы тэматыку процідзеяння нелегальнай міграцыі. У.Макей выказаў падзяку калегу за прынцыповую пазіцыю і сяброўскае садзейнічанне турэцкага боку на фоне антыбеларускай рыторыкі і дзеянняў шэрагу дзяржаў.

М.Чавушаглу пацвердзіў высокую зацікаўленасць Турцыі ў развіцці ўсебаковых адносін з Беларуссю, рэалізацыі буйных эканамічных праектаў у нашай краіне. Ён таксама выказаў падзяку беларускаму боку за аказанне важкай дапамогі пры ліквідацыі лясных пажараў на паўднёвым узбярэжжы Турцыі.

У.Макей правёў таксама сустрэчу з Міністрам замежных спраў Рэспублікі Сербія Ніколам Селаковічам. Бакі абмеркавалі стан і перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах, узаемадзеянне на шматбаковых пляцоўках, а таксама абмяняліся думкамі пра актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, уключаючы сітуацыю ў рэгіёне Заходніх Балкан. 

Напрыканцы дня адбылася вельмі насычаная і змястоўная сустрэча з Міністрам замежных спраў Фінляндскай Рэспублікі Пекам Хаавіста, падчас якой быў абмеркаваны шэраг пытанняў у сферы ўзаемнага інтарэсу.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы