Памер шрыфта:

Аб удзеле Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея ў 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (трэці дзень)

24 верасня 2022 г.

 

23 верасня 2022 г. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у рамках мерапрыемстваў тыдня высокага ўзроўню 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН прыняў удзел у цырымоніі падпісання Канвенцыі аб аблягчэнні ўмоў перасячэння граніц пры міжнароднай чыгуначнай перавозцы пасажыраў, багажу, таварабагажу, прынятай у г. Жэневе 22 лютага 2019 года. У адпаведнасці з артыкулам 21 Канвенцыі працэдура падпісання адбылася ў штаб-кватэры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у г. Нью-Йорку.

Да даведкі: Тэкст Канвенцыі аб аблягчэнні ўмоў перасячэння граніц пры міжнароднай чыгуначнай перавозцы пасажыраў, багажу, таварабагажу ўзгоднены Камітэтам па ўнутраным транспарце ЕЭК ААН і яе профільнымі рабочымі органамі, да кампетэнцыі якіх адносяцца пытанні чыгуначнага транспарту і спрашчэння перасячэння граніц. З 4 красавіка 2019 г. Канвенцыя адкрыта для падпісання ўсімі дзяржавамі-членамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Канвенцыя набудзе моц пасля заканчэння трох месяцаў з таго дня, калі першыя пяць дзяржаў здадуць на захоўванне свае дакументы аб ратыфікацыі, прыняцці, адабрэнні або далучэнні да яе.

Канвенцыя створыць прававую аснову для павышэння канкурэнтаздольнасці чыгуначных транспартных зносін у Еўразіі, у тым ліку для развіцця хуткасных і высакахуткасных зносін. 

Кіраўніком беларускага знешнепалітычнага ведамства на палях сесіі ГА ААН таксама праведзены шэраг двухбаковых сустрэч.

З Міністрам замежных спраў Турцыі Меўлютам Чавушаглу абмяняліся думкамі адносна сітуацыі ў рэгіёне і канфлікту ва Украіне, пацвердзілі зацікаўленасць у яго мірным урэгуляванні. 

Кіраўнік МЗС Турцыі станоўча ацаніў ролю Беларусі ў арганізацыі дыялогавай пляцоўкі для Расіі і Украіны. У сваю чаргу У.Макей адзначыў значны ўклад турэцкага боку ў заключэнне "здзелкі па збожжу", падпісанай у ліпені бягучага года ў Стамбуле. 

Суразмоўцы разгледзелі пытанні далейшага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, у тым ліку з улікам санкцыйнага ціску на Беларусь з боку заходніх краін. Дамовіліся аб прадаўжэнні двухбаковых кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях. 

Падчас сустрэчы з Міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта абмеркаваны стан і перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы фінансаў і сельскай гаспадаркі, узняты пытанні ўзаемадзеяння ў галіне фармацэўтыкі, адукацыі і транспартнага забеспячэння.

Закрануты праблемныя пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і ЕС, сітуацыя ў рэгіёне Усходняй Еўропы і іншыя тэмы, якія маюць узаемную цікавасць.

Перагаворы з Міністрам замежных спраў Пакістана Білавалам Бхута Зардары прайшлі ў развіццё нядаўняй сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі з Прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў г.Самаркандзе. 

Кіраўнік МЗС Пакістана пацвердзіў гатоўнасць аказаць падтрымку Беларусі ў больш хуткім афармленні членства ў ШАС. 

Суразмоўцы адзначылі ўзаемную зацікаўленасць у аператыўнай арганізацыі пасяджэння Беларуска-Пакістанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, што будзе садзейнічаць актывізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння па розных напрамках. Дамовіліся аб абмене візітамі па лініі дзелавых колаў і гандлёва-прамысловых палат, абмеркавалі запланаваныя на бліжэйшы час афіцыйныя кантакты, закранулі іншыя тэмы, звязаныя з рэалізацыяй дасягнутых у г. Самаркандзе дамоўленасцей на вышэйшым узроўні. 

На сустрэчы з Міністрам замежных спраў Нікарагуа Дэнісам Манкадай Каліндрэсам абмеркавалі пытанні ўзаемнай падтрымкі ў міжнародных арганізацыях, падкрэслілі важнасць каардынацыі намаганняў ва ўмовах супрацьстаяння санкцыйнаму націску. Дамовіліся аб працягу кантактаў, у тым ліку ў рамках двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

З Міністрам замежных спраў Бразіліі Карлусам Альберту Франка Франсам абмеркаваны пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Разгледжаны пытанні ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях.

Адбыўся абмен думкамі наконт канфлікту ва Украіне і перспектыў яго ўрэгулявання. 

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы