en
ru

Американские континенты

Лацінская Амерыка

Развіццё дачыненняў Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна адпавядае палітычным і эканамічным інтарэсам Беларусі і заклікана ўзбагаціць шматвектарнасць і збалансаванасць беларускай знешняй палітыкі.

З моманту ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і шэрагам краін Лацінскай Амерыкі прайшло 10–15 гадоў. За гэты перыяд адносіны паміж Беларуссю і лацінаамерыканскімі краінамі істотна ўзмацніліся.

На сённяшні дзень Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя дачыненні з 28 з 33 краін рэгіёна.

Рэспубліка Беларусь мае наступныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Лацінскай Амерыцы: пасольствы ў Аргенціне, на Кубе і Венесуэле, генеральнае консульства ў Рыо-дэ-Жанейра (Бразілія).

Найважнейшым фактарам аб'ектыўнага характару, які збліжае пазіцыі Беларусі і краін Лацінскай Амерыкі, з'яўляецца абарона прынцыпу шматполюснасці міру як гарантыі стабільнасці ў міжнародных стасунках. Беларусь і лацінаамерыканскія краіны маюць сходныя пазіцыі па пытанні месца і ролі ААН у сучасным свеце, прынцыпах рэфармавання яе Савета Бяспекі.

Практычная лінія беларускай знешняй палітыкі ў Лацінскай Амерыцы скіравана на тое, каб з улікам гэтых спрыяльных перадумоў максімальна садзейнічаць пашырэнню сферы ўзаемадзеяння, інтэнсіфікацыі ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва, развіццю рознабаковых сувязей у галіне культуры, навукі, адукацыі, у гуманітарнай сферы.

Пашырылася геаграфія сувязей Рэспублікі Беларусь з краінамі Лацінскай Амерыкі, ідзе актыўны працэс усталявання, развіцця і замацавання палітычнага дыялогу з вядучымі краінамі рэгіёна на высокім і найвышэйшым узроўнях.

Умацавалася развіццё стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь і Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. У ліпені 2006 года і ў чэрвені 2007 года Беларусь наведаў з афіцыйнымі візітамі Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес Фрыяс. У ходзе візіту дасягнуты дамоўленасці на найвышэйшым узроўні аб сумеснай рэалізацыі праектаў супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і іншых галінах. Напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва канкрэтызаваны падчас візітаў у Венесуэлу ў верасні 2006, сакавіку і ліпені 2007 гадоў урадавай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь. У снежнi 2007 года адбыўся першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка ў Венесуэлу. У ходзе візіту было адкрыта сумеснае прадпрыемства па здабычы нафты, дасягнуты дамоўленнасці аб паглыбленні супрацоўніцтва ў галіне сумеснай вытворчасці аўтамабілей МАЗ, БелАЗ, трактароў МТЗ на тэррыторыі Венесуэлы.

Беларуска-венесуэльскі палітычны дыялог на найвышэйшым і высокім узроўнях атрымаў развіццё падчас XIV Саміта Руху недалучэння ў г. Гавана (Куба) у верасні 2006 года: адбылася двухбаковая сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі з Прэзідэнтам Венесуэлы У.Чавесам.

Дынамічна развіваецца стратэгічнае супрацоўніцтва Беларусі і Кубы. У ходзе XIV Саміта Руху недалучэння ў г.Гавана ў верасні 2006 года адбылася двухбаковая сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі з выконваючым абавязкі Старшыні Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба Раулем Кастра. 20–24 красавіка 2006 года адбыўся афіцыйны візіт у Рэспубліку Куба ўрадавай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Прэм'ер-міністра С.Сідорскага. У ходзе сустрэчы Старшыні беларускага Урада са Старшынёй Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба Фідэлем Кастра Рус дасягнуты важныя дамоўленасці аб рэалізацыі сумесных праектаў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і іншых галінах.

Развіваецца міждзяржаўнае ўзаемадзеянне Беларусі з Бразіліяй, Аргенцінай, Мексікай, Перу, Балівіяй, Нікарагуа, Панамай, Калумбіяй і іншымі краінамі лацінаамерыканскага рэгіёна.

Набірае абароты гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі з Лацінскай Амерыкай. Па выніках 2006 года тавараабарот Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі павялічыўся на 36,2 працэнта і склаў 592 млн. долараў ЗША. Беларускі экспарт павялічыўся на 12.4 працэнта і склаў 257,9 млн. долараў. За апошнія гады беларускія экспартныя пастаўкі ў рэгіён павялічыліся больш чым у два разы.

Аснову беларускага экспарту ў 2006 годзе склалі калійныя ўгнаенні.

Назіраецца тэндэнцыя дыверсіфікацыі беларускага экспарту ў рэгіён, выхад і замацаванне на мясцовых рынках прадукцыі РУП «МТЗ», ВА «БелАЗ», РУП «МАЗ», ВА «Гомсельмаш», ААТ «Белшына», ААТ «Палімір» і іншых прадпрыемстваў-экспарцёраў. Прапрацоўваюцца праекты стварэння ў ключавых краінах Лацінскай Амерыкі зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі.

На сённяшнім этапе Бразілія з'яўляецца галоўным гандлёвым партнёрам Беларусі ў рэгіёне. Па выніках 2006 года тавараабарот з Бразіліяй дасягнуў 417,5 млн. долараў, экспарт вырас на 23,9 працэнта і склаў 207,4 млн. долараў.

Беларусь зацікаўлена ва ўсталяванні доўгатэрміновых і стабільных адносін з краінамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна ў розных галінах. Для іх забеспячэння асноўная дзейнасць у бліжэйшы час будзе скіравана на:

  • развіццё палітычнага дыялогу з засяроджаннем увагі на арганізацыі кантактаў на найвышэйшым і высокім узроўнях;
  • прасоўванне інтарэсаў беларускіх прадпрыемстваў у рэгіёне з мэтай павелічэння аб'ёмаў экспарту, у тым ліку праз стварэнне сумесных вытворчасцей і ўдзел у рэгіянальных выставах і кірмашах;
  • арганізацыя абмену візітамі дэлегацый прадстаўнікоў дзелавых колаў;
  • фарміраванне двухбаковай дагаворна-прававой базы;  пашырэнне канструктыўнага ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях.