en
ru

Американские континенты

Злучаныя Штаты Амерыкі

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і ЗША былі ўсталяваны 28 снежня 1991 года. У 1992 годзе ў Вашынгтоне пачало працаваць Пасольства Рэспублікі Беларусь у Злучаных Штатах Амерыкі.

У першыя гады дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і ЗША быў створаны падмурак супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах. Аднак з пачатку 1997 года Злучаныя Штаты пачалі ажыццяўляць у дачыненні да Беларусі палітыку «выбіральнага ўзаемадзеяння», якая прывяла да рэзкага скарачэння ўзроўню міждзяржаўнага супрацоўніцтва.

У той жа час пабудова добрых дачыненняў з ЗША з'яўляецца важным напрамкам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Беларускі бок выступае за далейшае развіццё двухбаковых адносін на прынцыпах узаемнай павагі і партнёрства.

Нягледзячы на пэўныя супярэчнасці ў палітычнай плоскасці, паступова развіваюцца беларуска-амерыканскія гандлёва-эканамічныя сувязі. Злучаныя Штаты з'яўляюцца буйнейшым гандлёвым патнёрам Беларусі, займаючы шостае месца па ўзроўні тавараабароту сярод краін па-за СНД.

Тавараабарот паміж дзвюма краінамі ў 2006 годзе склаў 729,9 млн. долараў. Беларускі экспарт на амерыканскі рынак павялічыўся на 78,6 працэнтаў і наблізіўся да адзнакі ў паўмільярда долараў. Станоўчае сальда за 2006 год склала каля 164 млн. долараў. Па выніках 10 месяцаў 2007 года ЗША занялі 8 месца сярод краін свету па тавараабароце, 8 месца – па аб’ёму беларускага экспарту і 5 месца – па аб’ёме імпарту ў Беларусь. Доля тавараабароту Беларусі з ЗША ў агульным аб’ёме знешняга гандалю нашай краіны склала 3,6 %.

Аб'ём амерыканскіх інвестыцый ў эканоміку Беларусі па выніках 10 месяцаў 2007 года склаў каля 50 млн. долараў. Пашыраецца дзейнасць па развіцці тавараправоднай сеткі ў ЗША. З мая 2007 года ў г. Чыкага пачаў дзейнасць офіс рэгіянальнага прадстаўніцтва Беларускай калійнай кампаніі. У стадыі прапрацоўкі знаходіцца пытанне адкрыцця ў 2008 годзе ў ЗША прадстаўніцтваў канцэрнаў “Беллегпрам” і “Белляспаперпрам”.

ЗША з'яўляюцца найбуйнейшай краінай-інвестарам для Беларусі па велічыні пералічаных сродкаў ва ўстаўны фонд (123,8 млн. долараў) і знаходзяцца на другім месцы пасля Расіі па колькасці створаных сумесных і замежных прадпрыемстваў (481 па стане на 1 студзеня 2007 года).

Актыўна развіваецца супрацоўніцтва з амерыканскімі дабрачыннымі арганізацыямі, якія аказваюць дапамогу Беларусі па чарнобыльскай лініі. У 2006 годзе ЗША з паказчыкам 15,5 млн. долараў у чарговы раз выйшлі на першае месца сярод краін-донараў па аб'ёме аказваемай Беларусі замежнай бязвыплатнай дапамогі. З боку ЗША паступае 25 адсоткаў ад агульнага аб'ёму гуманітарнай дапамогі. У красавіку 2006 года амерыканская дабрачынная арганізацыя «Сіціхоўп інтэрнэшнл» накіравала ў Беларусь гуманітарны медыцынскі груз на суму каля 7 млн. долараў. У чэрвені 2007 года ў Беларусь была дастаўлена чарговая  партыя гуманітарнага грузу на суму каля 2 млн. долараў для Гомельскага абласнога анкалагічнага дыспансэра.

Нягледзячы на існуючыя супярэчнасці, Беларусь падтрымлівае канструктыўны дыялог з ЗША ў галіне барацьбы з гандлем людзьмі, злачыннасцю ў сферы высокіх тэхналогій. Добрыя перспектывы мае супрацоўніцтва ў галіне аховы інтэлектуальнай уласнасці, ліквідацыі наступстваў прыродных і тэхнагенных катастроф, нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння.