16-04-2013
17–18 красавіка 2013 г. у г.Берліне беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам Міністра замежных спраў Аленай Купчыной прыме ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «East Forum Berlin 2013».
Падчас мерапрыемства будуць разгледжаны такія тэмы, як уплыў пазыковага крызісу ЕС на эканомікі ўсходніх краін-суседзяў Еўрасаюза, перспектывы зон свабоднага гандлю, шанцы і рызыкі, звязаныя з магчымым стварэннем агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока.
У мерапрыемстве прымуць удзел члены ўрадаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, палітычнае кіраўніцтва Германіі, прадстаўнікі Еўракамісіі і топ-мэнэджмент найбуйнейшых германскіх кампаній і канцэрнаў.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі прыме ўдзел у панэльнай дыскусіі форума на тэму «Еўрапейскі саюз, Усходняе партнёрства, Еўразійскі саюз – выклікі і магчымасці пагадненняў аб свабодным гандлі і эканамічнай гарманізацыі».
У рамках знаходжання беларускай дэлегацыі ў г.Берліне плануецца таксама правядзенне шэрагу сустрэч у Федэральным міністэрстве замежных спраў і Федэральным міністэрстве эканомікі і тэхналогій ФРГ, Германскім саюзе гандлёва-прамысловых палат, з дэпутатамі Бундэстага.
Даведачна: Канферэнцыя «East Forum Berlin 2013» арганізавана Усходнім камітэтам германскай эканомікі пры падтрымцы банка «UniCredit HypoVereinsbank». Мерапрыемства праводзіцца ўпершыню і пазіцыянуецца ў якасці дыскусійнай пляцоўкі для дыялогу палітыкаў і бізнэсменаў з Захаду і Ўсходу аб перспектывах паглыблення ўзаемнавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва.