22-01-2014
21 студзеня 2014 г. прайшла сустрэча Пасла Беларусі ў ФРГ Андрэя Гіро з Генеральным дырэктарам Берлінскай дзяржаўнай бібліятэкі Барбарай Шнайдэр-Кемпф, падчас якой была здзейснена перадача ў дар бібліятэцы калекцыі беларускіх друкаваных выданняў апошніх гадоў.
Акт перадачы адбыўся ў рамках сумеснага міжнароднага праекта “Беларусь сёння” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Калекцыя ўключае каля 100 кніг найлепшых беларускіх выдавецтваў, якія найбольш поўна адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё нашай краіны, яе шматвяковую гісторыю і багатую культуру.
Таксама падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні далейшага пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва ў бібліятэчнай галіне, уключаючы стажыроўкі беларускіх спецыялістаў ў Берлінскай дзяржаўнай бібліятэцы, удзел на аснове ўзаемнасці ў навуковых мерапрыемствах, увядзенне ў навуковы ўжытак у Беларусі каштоўных матэрыялаў з фондаў бібліятэкі, якія маюць дачыненне да беларускай культуры і гісторыі.