29-04-2014
28-29 красавіка 2014 г. адбыўся візіт у г.Будапешт намеснiка Мiнiстра замежных спраў Рэспублiкi Беларусь Алены Купчыной для ўдзелу ў сустрэчы мiнiстраў замежных спраў краін-удзельніц Вышаградскай групы i «Ўсходняга партнёрства».
Кiраўнiк беларускай дэлегацыi выступiла на пленарным пасяджэнні мiнiстэрскай сустрэчы і прадставіла падыходы Беларусі адносна рэалізацыі і далейшага развіцця ініцыятывы «Ўсходняе партнёрства».
У прыватнасці, А.Купчына падкрэсліла неабходнасць пэраасэнсавання i ўдасканалення ініцыятывы пасля пяці гадоў яе рэалізацыі з улікам сучасных выклiкаў i развіцця сітуацыі ў рэгіёне. Была звернута ўвага на безумоўнасць павагi да базавых прынцыпаў раўнапраўя, недыскрымінацыі i ўзаемнай адказнасці, зафіксаваных у Пражскай дэкларацыі 2009 года, а таксама большага ўліку прыярытэтаў, патрэбаў і інтарэсаў краін-партнёраў на падставе прынцыпу дыферэнцыяцыі. Была адзначана таксама важнасць надання «Ўсходняму партнёрству» інклюзіўнага характару, павышэння ўзроўню празрыстасці дзеля забеспячэння ўстойлівасці і эфектыўнасці ініцыятывы.
У рамках мерапрыемства А.Купчына правяла шэраг двухбаковых сустрэч, у тым ліку з еўракамiсарам па пытаннях пашырэння i Eўрапейскай палiтыкi суседства Ш.Фюле i першым намеснікам міністра замежных спраў Чэхіі Петэрам Друлакам. Бакi абмеркавалi перспектывы развiцця ўзаемадзеяння па лiнii Беларусь-ЕС, а таксама шэраг пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння.
Падчас візіту ў г.Будапешт намеснік Мiнiстра замежных спраў Беларусi сустрэлася з дзяржаўным сакратаром кабінета Прэм’ер-міністра Венгрыі па замежных справах і міжнародных эканамічных адносінах, кіраўніком з венгерскага боку Міжурадавай беларуска-венгерскай камісіі па эканамічнаму супрацоўніцтву Петэрам Сiярта (на фота), дзяржаўным мiнiстрам МЗС Венгрыі Жолтам Неметам, прадстаўнікамі венгерскага бізнесу. Былі абмеркаваны пытанні развіцця двухбаковага палiтычнага, гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, рэалізацыя буйных праектаў у культурнай і гуманітарнай сферах паміж Беларуссю і Венгрыяй.
А.Купчына таксама ўзяла ўдзел ва ўрачыстым адкрыццi выставы «Iканапic Беларусi XVII-XVIII стагоддзяў» у Гістарычным музеі г.Будапешта. Гэта экспазіцыя з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з'яўляецца нацыянальнай спадчынай нашай краіны і ўпершыню будзе экспанавацца ў рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.