1 чэрвеня 2021 г. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Кенія і Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспубліцы Эфіопія (па сумяшчальніцтве) Павел Взяткін уручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Эфіопіі Сахле-Ворк Зэўдэ.
Падчас размовы ў рамках цырымоніі Пасол Беларусі выказаў зацікаўленасць у падтрыманні і ўмацаванні сяброўскіх і ўзаемапаважлівых адносін паміж Беларуссю і Эфіопіяй, а таксама ў развіцці двухбаковага палітычнага дыялогу.
Беларускі дыпламат адзначыў наяўнасць значнага патэнцыялу для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі і выказаў меркаванне пра перспектыўнасць рэалізацыі сумесных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі і прамысловасці. П.Взяткін падкрэсліў, што беларуская сельскагаспадарчая тэхніка і грузавыя аўтамабілі добра вядомыя спажыўцам у Эфіопіі.
Прэзідэнт С.-В.Зэўдэ вітала прызначэнне беларускага Пасла і выказала гатоўнасць садзейнічаць развіццю моцных адносін паміж краінамі па многіх напрамках. Прэзідэнт Эфіопіі перадала свае найлепшыя пажаданні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і беларускаму народу.