25 верасня 2021 г. Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей правёў сустрэчу з Генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам.
У.Макей павіншаваў А.Гутэрыша з прызначэннем на чарговы пяцігадовы тэрмін у якасці Генеральнага сакратара ААН.
Бакі адзначылі традыцыйна высокі ўзровень і сяброўскі характар узаемадзеяння Рэспублікі Беларусь з ААН. Генеральны сакратар пацвердзіў сваё асабістае цёплае і паважлівае стаўленне да Беларусі. Выказаў гатоўнасць да працягу прадуктыўнага і канструктыўнага супрацоўніцтва з нашай краінай па ўсіх накірунках. Суразмоўцы абмяняліся думкамі па пытаннях міжнароднага парадку дня. У.Макей праінфармаваў А.Гутэрыша аб развіцці ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі і працэсах, звязаных з абмеркаваннем канстытуцыйных пераўтварэнняў у краіне.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падрабязна пракаментаваў ілжывыя абвінавачванні, якія гучаць з боку шэрага краін у адрас Беларусі ў правакаванні рызык, у тым ліку ў галіне міграцыі, распавёў пра сапраўдную абстаноўку на заходняй мяжы Беларусі і цесным узаемадзеянні беларускага боку з прадстаўнікамі Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Бакі канстатавалі пазітыўную і стваральную ролю ініцыятыў Рэспублікі Беларусь у ААН, якія спрыяюць стабільнасці ў свеце. Пацверджана ўзаемная гатоўнасць да працягу цесных, сяброўскіх кантактаў Рэспублікі Беларусь з ААН.