Дипломатические представительства Беларуси за рубежом

Шматбаковае супрацоўніцтва

Удзел у працы ўніверсальных і спецыялізаваных, глабальных і рэгіянальных міжнародных арганізацый і інтэграцыйных аб’яднанняў з’яўляецца адным з важнейшых напрамкаў знешняй палітыкі беларускай дзяржавы.

У час глабалізацыі сусветнай эканомікі, нарастання новых глабальных выклікаў і пагроз патрабуюцца дзейныя міжнародныя шматбаковыя механізмы рэагавання на гэтыя праблемы і рэгулявання сучасных эканамічных, сацыяльных і палітычных працэсаў. Гэтую ролю і выконвае шматбаковае супрацоўніцтва.
 
Акрамя традыцыйнага ўдзелу Рэспублікі Беларусь у дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Руху недалучэння, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, у апошнія гады актыўна развіваецца наша ўзаемадзеянне з партнёрамі ў рамках інтэграцыйных аб’яднанняў і арганізацый на постсавецкай прасторы. Працягвае развівацца супрацоўніцтва ў рамках СНД, ЕўрАзЭС і АДКБ. У 2009 годзе пачаў функцыяніраваць Мытны саюз Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі. У 2010 годзе яму быў перададзены шэраг наднацыянальных функцый у сферы рэгулявання знешняга гандлю. Дзяржавы-члены Мытнага саюза пайшлі далей па шляху інтэграцыі і ў канцы 2010 года падпісалі пакет пагадненняў, якія складаюць дагаворна-прававую базу Адзінай эканамічнай прасторы.
 
Неабходнасць памякчэння наступстваў глабальнага эканамічнага крызісу для Рэспублікі Беларусь і правядзення ў краіне структурных рэформ у сферы эканомікі і фінансаў абумовілі сучасную тэндэнцыю пашырэння супрацоўніцтва нашай краіны з вядучымі міжнароднымі фінансавымі і эканамічнымі арганізацыямі – Міжнародным валютным фондам, Сусветным банкам, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН і Канферэнцыяй ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД).
 
Важным напрамкам дзейнасці Міністэрства замежных спраў з’яўляецца прыцягненне рэсурсаў і экспертнага патэнцыялу спецыялізаваных міжурадавых арганізацый для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.
 
У кастрычніку 2010 года падпісана першая ў гісторыі Рамачная праграма ААН па аказанні дапамогі ў мэтах развіцця для Рэспублікі Беларусь на перыяд 2011-2015 гадоў. Гэта дакумент стратэгічнага планавання ўзаемадзеяння Урада Рэспублікі Беларусь з усімі спецыялізаванымі ўстановамі, фондамі і праграмамі сістэмы ААН, якія працуюць у Беларусі. Ён прадугледжвае рэалізацыю ў краіне праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі на агульную суму ў 490 млн долараў ЗША.
 
Да шматбаковага супрацоўніцтва таксама адносіцца ўзаемадзеянне Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі структурамі, членам якіх наша краіна не з’яўляецца (ЕС, НАТА, ШАС і інш.), удзел беларускіх дэлегацый у шматбаковых міжнародных форумах самай рознай накіраванасці.