Прыцягненне і эфектыўнае выкарыстанне інвестыцый з’яўляецца адным з асноўных прыярытэтаў дзяржаўнай інвестыцыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, якую ажыццяўляе Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь сумесна з беларускімі замежнымі установамі садзейнічае прыцягненню замежных інвестыцый у эканоміку краіны і фарміраванню спрыяльнага інвестыцыйнага іміджу Рэспублікі Беларусь за мяжой.
Пералік інвестыцыйных прапаноў знаходзіцца тут.
Усе сектары нацыянальнай эканомікі адкрыты для замежных інвестыцый, за выключэннем вытворчасці зброі, наркатычных і атрутных рэчываў.
Замежныя інвестары маюць права ствараць на тэрыторыі краіны кампаніі з любым аб’ёмам замежных інвестыцый, у любых арганізацыйна-прававых формах, а таксама іх філіялы і прадстаўніцтвы.
Для працы замежных інвестараў на тэрыторыі Бедарусі створаны неабходныя прававыя ўмовы. Усім інвестарам гарантавана роўная, без дыскрымінацыі, абарона праў і законных інтарэсаў, незалежна ад формы ўласнасці і нацыянальнага статуса. Гарантыі замежным інвестарам прадастаўляюцца таксама ў рамках двухбаковых пагадненняў Рэспублікі Беларусь з іншымі краінамі. У цяперашні час дзейнічаюць 52 пагадненні аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання і 49 дагавораў аб садзейнічанні ажыццяўленню і абароне інвестыцый, у тым ліку з Аўстрыяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй, Кітаем, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Турцыяй, Чэхіяй, Швецыяй, Швейцарыяй, Фінляндыяй, Паўднёвай Карэяй і інш.
У краіне створана сістэма стымулаў, ільгот і прэферэнцый для ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці. Спецыяльныя прававыя рэжымы дзейнічаюць для інвестараў у вольных эканамічных зонах, малых і сярэдніх гарадах, сельскай мясцовасці, Парку высокіх тэхналогій і інш.
Заканадаўствам прадугледжана магчымасць заключэння інвестыцыйнага дагавора з Рэспублікай Беларусь – гэта дазваляе інвестару атрымаць дадатковыя прававыя гарантыі абароны свайго капіталу і дадатковыя льготы пры рэалізацыі інвестыцыйнага праекта.
Меры Урада па рэфармаванні эканомікі пазітыўна ацэньваюцца з боку аўтарытэтных міжнародных структур, у тым ліку МВФ, Сусветнага банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі. Па звестках штогадовай справаздачы Сусветнага банка «Doing Business 2011» Беларусь прызнана адным з вядучых у свеце рэфарматараў за апошнія пяць гадоў і замыкае “тройку” найбольш актыўных рэфарматараў па сукупным эфекце ад лібералізацыі умоў вядзення бізнесу, адлюстраваных у індыкатарах у перыяд паміж «Doing Business 2006» і «Doing Business 2011».
Аб эфектыўнасці мер Урада сведчыць штогадовае павелічэнне прытока замежных інвестыцый у эканоміку Рэспублікі Беларусь.
У геаграфічным разрэзе значная доля прытока замежных інвестыцый прыходзіцца на інвестараў з Расіі (больш за 65 адсоткі агульнага аб’ёма інвестыцый па выніках 2009 года), Аўстрыі (10 адсоткаў), Кіпра (больш за 6 адсоткаў), Вялікабрытаніі (5 адсоткаў), Швейцарыі (4 адсоткі) і інш.
У краіне штогод расце колькасць арганізацый з замежным капіталам. На 1 студзеня 2010 года ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічае 5176 арганізацый з замежнымі інвестыцыямі, з іх сумесных – 2819, замежных – 2357. За год, з 1 студзеня 2009 года, у Беларусі створана каля 300 новых арганізацый з замежным капіталам.
Чаму выгадна інвеставаць у Беларусь?
- Беларусь на працягу шэрага гадоў дэманструе стабільны эканамічны рост і ўмацоўвае эканамічнае супрацоўніцтва з замежнымі краінамі.
- Стварэнне Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана, адмена ўнутраных мытных меж адкрываюць для замежных інвестараў доступ да ёмістага рынка краін Мытнага саюза ў 170 млн чалавек.
- Завяршэнне фарміравання адзінай эканамічнай прасторы і ўніфікацыя да 1 студзеня 2012 года нацыянадьных заканадаўстваў у эканамічнай сферы стварае новыя магчымасці для замежных інвестараў.
- Развітая сетка транспартных камунікацый і інфраструктура.
- Стабільная сацыяльна-палітычная сітуацыя, адсутнасць канфліктаў рэгіянальнага і нацыянальнага характару.
- Нізкі ўзровень злачыннасці і карупцыі.
- Высокакваліфікаваная рабочая сіла.
- Спрыяльнае інвестыцыйнае заканадаўства: гарантыі, льготы і прэферэнцыі замежным інвестарам.