Дипломатические представительства Беларуси за рубежом

Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспубліка Беларусь выйшла на міжнародную арэну не толькі ў якасці новай суверэннай дзяржавы, што ўзнікла ў выніку распаду СССР, але і як еўрапейская краіна, што мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці.

Існаваўшыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі Полацкае, Турава-Пінскае, Наваградскае і іншыя княствы (IХ-ХIV стст.), створанае імі Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (сярэдзіна ХIII-ХVIII стст.) былі актыўнымі суб’ектамі міжнародных зносін. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (1919 – 1991 гг.) увайшла ў лік дзяржаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, паўнапраўным членам якой БССР з’яўлялася на працягу ўсяго часу ўласнага існавання.
 
Прыняцце Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, наданне ёй 25 жніўня 1991 года статуса канстытуцыйнага закона паклалі пачатак якасна новаму перыяду ў развіцці краіны. Рэалізаваўшы сваё права на самавызначэнне, Рэспубліка Беларусь, якая атрымала гэтую афіцыяльную назву па рашэнні Вярхоўнага Савета БССР ад 19 верасня 1991 года, пачала вядзенне самастойнай знешняй палітыкі.
 
Фарміраваць свой міжнародны курс Беларусі давялося ў складаных умовах. Унутраныя сістэмныя перабудовы супалі з глабальнымі палітычнымі зменамі канца ХХ стагоддзя. Узнікалі і ўмацоўваліся новыя цэнтры ўплыву, павялічвалася колькасць суверэнных суб’ектаў міжнародных зносін.
 
Нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, Рэспубліка Беларусь пасля атрымання незалежнасці змагла пабудаваць адносіны са знешнім светам, не паступіўшыся сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. Гэта дазволіла нашай краіне ўпэўнена і эфектыўна прасоўваць і адстойваць свае знешнепалітычныя мэты і прыярытэты.
 
Беларусь сёння – гэта суверэнная еўрапейская дзяржава, якая праводзіць самастойную і міралюбную знешнюю палітыку, актыўна развівае супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, уносіць значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай беспекі і стабільнасці.