Развіццё ўзаемадзеяння з Расійскай Федэрацыяй і Еўрасаюзам
Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў максімальнай рэалізацыі патэнцыялу стратэгічнага партнёрства ў адносінах з Расійскай Федэрацыяй. Цесная сувязь паміж дзяржавамі абумоўлена геаграфічнымі, геапалітычнымі, гістарычнымі і іншымі фактарамі, узаемнай дапаўняльнасцю дзвюх эканомік, кааперацыйнымі сувязямі прадпрыемстваў.
Асноўныя знешнепалітычныя задачы на расійскім напрамку – нарошчванне аб’ёмаў беларускага экспарту, эфектыўнае выкарыстанне патэнцыялу непасрэдных сувязей паміж рэгіёнамі дзвюх краін, паглыбленне кааперацыі, пашырэнне беларускай тавараправоднай сеткі, прыцягненне інвестыцый.
Будуючы ўзаемакарыснае супрацоўніцтва з Расіяй, Беларусь няўхільна прытрымліваецца прынцыпу безумоўнага захавання суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці бакоў, дакладнага і адказнага выканання імі сваіх міжнародных абавязкаў.
Прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусi на еўрапейскiм вектары з’яўляецца інтэнсіфікацыя партнёрства з краiнамi Еўрасаюза ў сферах узаемнага зацікаўлення: гандаль і інвестыцыi, транспарт, транзіт, трансмежнае і рэгіянальнае супрацоўніцтва, спрашчэнне візавага рэжыму, ахова навакольнага асяроддзя.
Беларусь – надзейны партнёр Еўрасаюза не толькі з пункту гледжання падтрымкі сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў рэгіёне, але і па стратэгічна важных пытаннях агульнаеўрапейскага значэння: забеспячэння ваенна-палітычнай, энергетычнай і экалагічнай бяспекі, барацьбы са злачыннасцю, наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй.
Мы выступаем за развіццё раўнапраўнага дыялогу і ўсебаковага супрацоўніцтва з Еўракамісіяй і дзяржавамі-ўдзельніцамі ЕС, у тым ліку, у межах ініцыятывы “Усходняе партнёрства”.
Доўгатэрміновая мэта Рэспублікі Беларусь – забеспячэнне збалансаванага ўзаемакарыснага ўзаемадзеяння як з Еўрасаюзам, так і з Расіяй.
Прастора СНД
Мы падтрымліваем працэсы развіцця інтэграцыйнага патэнцыялу СНД, у першую чаргу, у эканамічнай сферы, паступовага фарміравання рэжыму свабоднага гандлю, актывізацыі супрацоўніцтва ўдзельнікаў Садружнасці ў галіне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, тэрарызмам, у ваеннай сферы.
У межах Еўразійскай эканамічнай супольнасці Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні ўзаемакаштоўнага партнёрства з краінамі-ўдзельніцамі ЕўрАзЭС з націскам на сферы энергетыкі, транспарту, транзіту; паўнаважнай рэалізацыі дамоўленасцей па стварэнні Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана, якая прадугледжвае адсутнасць любых перашкод у руху тавараў паміж краінамі МС; пераводзе Мытнага саюза “тройкі” ў фармат Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).
Рэспубліка Беларусь мае намер садзейнічаць умацаванню Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па ўсіх напрамках яе дзейнасці (палітычнаму, ваеннаму, ваенна-тэхнічнаму, інфармацыйнаму); развіццю супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй, міжнароднай арганізаванай злачыннасцю; умацаванню каардынацыі дзеянняў дзяржаў-удзельніц Арганізацыі; наладжванню канструктыўнага ўзаемадзеяння АДКБ з іншымі міжнароднымі і рэгіянальнымі аб’яднаннямі.
Краіны сусветнага Поўдня
Беларусь мае намер умацоўваць і пашыраць дальнюю “знешнепалітычную дугу” саюзнікаў і партнёраў у азіяцкім, лацінаамерыканскім, блізкаўсходнім і афрыканскім рэгіёнах, выводзіць супрацоўніцтва з яе апорнымі кропкамі на ўзровень стратэгічнага партнёрства.
Дыверсіфікацыя гандлю, паглыбленне эканамічнай кааперацыі з краінамі названых рэгіёнаў планеты з’яўляюцца важнай перадумовай росту для экспартаарыентаванай беларускай эканомікі.
Асноўныя напрамкі развіцця адносін – актывізацыя палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння з традыцыйнымі партнёрамі (ААЭ, Аргентына, Бразілія, Венесуэла, В’етнам, Егіпет, Індыя, Іран, Кітай, Куба, ПАР, Сірыя, Японія), наладжванне дыялога і актыўны выхад і замацаванне на рынках дзяржаў, якія маюць значны патэнцыял для ўзаемакарыснага супрацоўніцтва (Ангола, Балівія, Інданэзія, Катар, Кот-д’Івуар, Малайзія, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Саудаўская Аравія, Тога, Філіпіны, Эквадор, Эфіопія і іншыя).
Злучаныя Штаты Амерыкі
Рэспубліка Беларусь выступае за развіццё канструктыўнага і раўнапраўнага дыялога з ЗША, пашырэнне поўнафарматнага двухбаковага супрацоўніцтва па актуальных глабальных пытаннях (барацьбе з гандлем людзьмі, процідзеянні распаўсюджванню наркатычных і псіхатропных рэчываў, процідзеянні кіберзлачынствам і распаўсюджванню дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце, абароне ядзерных аб’ектаў, нераспаўсюджванню ЗМЗ), заснаванага на ўзаемным уліку інтарэсаў.