Памер шрыфта:

Аб удзеле намесніка Міністра замежных спраў Беларусі С.Алейніка ў сустрэчы кіраўнікоў урадаў дзяржаў-членаў ЦЕІ

03 снежня 2021 г.

 

2-3 снежня 2021 г. беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргея Алейніка прыняла ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў урадаў дзяржаў-членаў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы (ЦЕІ) у г.Будва (Чарнагорыя).

Падчас пленарнай сесіі саміту С.Алейнік выступіў за далейшае ўмацаванне ролі ЦЕІ як пляцоўкі для дыялогу і развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва, пашырэнне кантактаў паміж краінамі-членамі праз умацаванне транспартных сувязяў, гарманізацыю гандлёвых працэдур, спрашчэнне транзіту, а таксама прасоўванне энергетычнай і лічбавай узаемазвязанасці.

Намеснік Міністра замежных спраў заклікаў узмацніць эканамічнае вымярэнне ЦЕІ, развіваць партнёрства з іншымі міжнароднымі арганізацыямі. Падкрэслена важная роля, якую Ініцыятыва магла б сыграць у спалучэнні інтэграцыйных працэсаў на еўрапейскім кантыненце. Адзначана таксама неабходнасць нарошчвання супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхналогій.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі акцэнтаваў важнасць развіцця Еўропы пасля пандэміі COVID-19 на прынцыпах недыскрымінацыі, роўных магчымасцей для ўсіх дзяржаў, павагі іх суверэнітэту і незалежнасці, адмовы ад раздзялення штучнымі сценамі і бар'ерамі, пазбаўлення ад рудыментарных метадаў націску на іншых, такіх як санкцыі і абмежаванні, якія супярэчаць міжнароднаму праву. Падкрэслена, што такія меры, асабліва эканамічнага характару, парушаюць права дзяржаў і народаў на развіццё, а таксама пашыраюць разрыў паміж краінамі Захаду і Усходу. Акцэнтавана патэнцыйна важная роля ЦЕІ ў стабілізацыі сітуацыі, наладжванні «мастоў» і ўмацаванні даверу паміж краінамі вялікай Еўропы.

Падчас саміту адбылася сустрэча кіраўніка беларускай дэлегацыі з Генеральным сакратаром ЦЕІ Раберта Антаніёні, на якой бакі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і ЦЕІ.

С.Алейнік таксама правёў сустрэчу з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Хансам Клюге, на якой былі абмеркаваны практычныя пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і СААЗ.

Акрамя таго, “на палях" саміту адбыліся двухбаковыя сустрэчы С.Алейніка з кіраўнікамі замежных дэлегацый.

Да даведкі. ЦЕІ – міждзяржаўнае аб'яднанне, створанае ў 1989 годзе ў мэтах развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва. У цяперашні час у склад ЦЕІ ўваходзяць 17 дзяржаў: Албанія, Беларусь, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Італія, Малдова, Польшча, Румынія, Паўночная Македонія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія. Беларусь з'яўляецца членам ЦЕІ з 1996 года.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы