Памер шрыфта:

Аб памятным мерапрыемстве ў мемарыяльным комплексе «Хатынь»

22 сакавіка 2023 г.

 

22 сакавіка 2023 г. у 80-я ўгодкі трагедыі Хатыні Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Алейнік разам з супрацоўнікамі знешнепалітычнага ведамства і кіраўнікамі дыпламатычных місій і міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у нашай краіне, наведаў мемарыяльны комплекс ”Хатынь“, каб сумесна аддаць даніну трагічным падзеям у гісторыі беларускай дзяржавы.

Як падкрэсліў С.Алейнік, Хатынь з'яўляецца для Беларусі сімвалам гістарычнай памяці і месцам агульнанацыянальнага смутку. Гітлераўскія карнікі спалілі жыўцом і расстралялі 149 чалавек, у ліку якіх было 75 дзяцей. Створаны на месцы трагедыі мемарыяльны комплекс стаў увасабленнем ахвяр, пакут і мужнасці беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Хатынь не была адзінай, яе лёс падзялілі сотні іншых беларускіх вёсак. Шмат такіх трагічных мясцін не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі былых савецкіх рэспублік і еўрапейскіх дзяржаў.

 

 

”…Сёння званы Хатыні гучаць асабліва трывожна, нібы нагадваючы сусветным лідэрам пра тую трагедыю, якая адбылася 80 гадоў таму. Гэтыя званы гучаць нібы заклік спыніцца і яшчэ раз асэнсавана задумацца аб трагічных уроках нашага мінулага. Мы спадзяемся, што гэтыя заклікі будуць пачутыя“, – падкрэсліў у размове з журналістамі С.Алейнік.

У ходзе наведвання мемарыяльнага комплексу адбылася цырымонія ўскладання вянкоў да Вечнага агню, наведванне дыпламатычным корпусам да музея ”Кожны трэцi“.

У памятным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 50 кіраўнікоў замежных дыпмісій з краін СНД, Еўропы, Азіі, Афрыкі і Амерыкі, прадстаўнікі шэрага міжнародных арганізацый.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы