Памер шрыфта:

Аб удзеле Пасла Беларусі ў Ізраілі Я.Вараб'ёва ў цырымоніі ўручэння медаля і граматы Праведнікаў народаў свету

25 мая 2022 г.

 

25 мая 2022 г. у Мемарыяльным комплексе "Яд Вашэм" у Іерусаліме Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь Яўген Вараб'ёў прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння медаля і Ганаровай граматы "Праведнікаў народаў свету".

Гэта ганаровае званне яшчэ ў 2019 годзе было пасмяротна прысвоена Кандрацію і Ганне Лакотка з Беларусі. У гады гітлераўскай акупацыі яны хавалі ў сябе шасцярых яўрэяў - Кальмана і Шымона Коцер, Іцхака і Гітл Арон, Шмуэля і Рэйзл Энгель.

Узнагароды былі ўручаныя Панцялею Кандрацьевічу Лакотку – сыну Праведнікаў, які спецыяльна прыехаў у Ізраіль. Па традыцыі, ён таксама быў удастоены гонару запаліць Вечны агонь у Зале памяці “Яд Вашэм”.

Выступаючы на цырымоніі, Пасол Беларусі Яўген Вараб'ёў адзначыў, што, нягледзячы на неймаверныя пакуты і каласальныя страты беларускага народа ў гады нацысцкай акупацыі, беларусы заўсёды знаходзілі месца чалавечай спагадзе і ўзаемадапамозе, праяўляючы высакароднасць і бясстрашнасць нават пад страхам смерці. Прыкладам гэтаму ўчынак сужэнцаў Лакотка і яшчэ сотняў ужо вядомых і напэўна тысяч пакуль яшчэ невядомых беларусаў, якія ратавалі яўрэяў. Іх гераізм назаўжды застанецца ў памяці беларускага і яўрэйскага народаў.

Кандраці і Ганна Лакотка занялі сваё дастойнае месца сярод амаль сямі соцень Праведнікаў з Беларусі. Іх імёны, высечаныя на каменнай пліце, зараз ушанаваны ў Садзе Праведнікаў народаў свету, размешчаным на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу “Яд Вашэм”.

У цырымоніі прынялі ўдзел Старшыня праўлення і работнікі "Яд Вашэм", прадстаўнікі МЗС Ізраіля, нашчадкі выратаваных яўрэяў са сваімі сваякамі і сябрамі, прадстаўнікі грамадскасці.

Асаблівы сімвалізм мерапрыемству надало яго правядзенне напярэдадні 30-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Ізраіль.
 

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы