Памер шрыфта:

Аб удзеле Міністра замежных спраў Беларусі М.Рыжанкова ў Пленарным пасяджэнні XVII саміту БРІКС

07 ліпеня 2025 г.

 

6-7 ліпеня 2025 г. Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў прымае ўдзел у Пленарным пасяджэнні XVII саміту БРІКС у г.Рыа-дэ-Жанэйра, Федэратыўная Рэспубліка Бразілія.

Падчас мерапрыемства адбыліся перамовы кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства з кіраўнікамі шэрага замежных дэлегацый.

З Прэзідэнтам Кубы Мігелем Дыяс-Канелем Бермудэсам абмеркаваны практычныя крокі па рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых падчас яго афіцыйнага візіту ў Рэспубліку Беларусь 25-27 чэрвеня 2025 г.

З прэзідэнтам Нігерыі Болай Цінубу намечаны мерапрыемствы па рэалізацыі чарговай стадыі праекта механізацыі сельскай гаспадаркі гэтай краіны з удзелам Беларусі, уключаючы стварэнне рэгіянальных сэрвісных цэнтраў і ў перспектыве – зборачнай вытворчасці. Падчас сустрэчы лідар Нігерыі даў высокую ацэнку якасці і надзейнасці беларускай тэхнікі, якая пастаўляецца ў афрыканскую краіну.

З намеснікам Прэм'ер-міністра – Міністрам замежных спраў Казахстана Муратам Нуртлеу праведзена «зверка гадзіннікаў» па ўсім комплексе актуальных пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння, намечаны сумесныя намаганні па яго далейшым развіцці.

З Міністрам пры Офісе Прэм'ер-міністра Тайланда Цірапхон Сінтхупхра абмеркаваны парадак дня будучага візіту ў гэтую краіну кіраўніцтва беларускага знешнепалітычнага ведамства. Ён уключае спрашчэнне візавага рэжыму, усталяванне прамых авіязносін і іншыя меры, якія палягчаюць наведванне Тайланда беларусамі.

Прэзідэнту Новага банка развіцця Дылме Русеф прапанавана наведаць Рэспубліку Беларусь, каб разгледзець дарожную карту супрацоўніцтва нашай краіны з Банкам, уключаючы перспектывы яе членства ў гэтай структуры БРІКС.

Падчас візіту ў Бразілію адбылася сустрэча Максіма Рыжанкова з Міністрам замежных спраў Турцыі Хаканам Фіданам.

Падчас размовы бакі правялі грунтоўны абмен думкамі наконт актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня і стану двухбаковага ўзаемадзеяння ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай плоскасцях. Асаблівая ўвага нададзена тэме ўрэгулявання ўкраінска-расійскага канфлікту.

У мэтах прапрацоўкі прыярытэтных задач пашырэння двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Бразіліяй Міністр замежных спраў Беларусі правёў сустрэчу з кіраўніцтвам Бразільскай нацыянальнай канфедэрацыі прамысловасці і Федэрацыі прамысловасці штата Рыа-дэ-Жанэйра.

Абмеркаваны формы ўзаемадзеяння беларускіх і бразільскіх арганізацый у садзейнічанні ўзаемнаму гандлю і інвестыцыям, а таксама канкрэтныя напрамкі дзелавога супрацоўніцтва ў прамысловай, сельскагаспадарчай і навукова-практычнай сферах.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы